Масква пачала «маштабную і сістэмную» вярбоўку баевікоў з Данбаса для ваенных дзеянняў у Сірыі, напісаў у сваім блогу ўчора вядомы ўдзельнік расійскай агрэсіі супраць Украіны.
«Ваяваць у Сірыю з Данбаса паехала ўжо да 700 чалавек», — паведамляе Аляксандр Жучкоўскі — «данецкі апалчэнец» з расійскім пашпартам і публіцыст, якога друкуюць многія расійскія выданні.
Ён піша, што набор добраахвотнікаў ідзе арганізавана і цэнтралізавана — па лініі спецслужбаў.
«Каб схіліць іх да «камандзіроўкі» у Сірыю, абяцаюць выдачу расійскага грамадзянства, прыстойныя заробкі (ад 90 да 250 тысяч расійскіх рублёў) і пераконваюць, што тут больш няма што рабіць, на Данбасе вайна скончылася, цяпер за інтарэсы Расіі змагаюцца ў Сірыі», — паведамляе Жучкоўскі.
У першую чаргу едуць «пасіянарыі вайны», якія былі ў Чачні, Югаславіі ці на тым жа Бліжнім Усходзе, такіх людзей у «апалчэнні Наваросіі» нямала, дадае ён.
Па ягоных словах, сухапутная аперацыя РФ у Сірыі фактычна ўжо даўно пачалася, і ўдзельнічаюць у ёй не толькі добраахвотнікі, але і расійскія вайскоўцы.
Жучкоўскі — папулярны расійскі блогер і журналіст, артыкулы якога перадрукоўваюцца як анлайн-СМІ шавіністычнай скіраванасці, такімі як «Спутник и погром», гэтак і проста прапуцінскімі apn.ru, rus-obr.ru, vz.ru.
Вясной ён заклікаў ліквідаваць Украіну і Беларусь, асабіста абражаючы Аляксандра Лукашэнку.
Трэба браць пад увагу, што хоць Жучкоўскі рэальная асоба, але ягоны блог можа выкарыстоўвацца для трансляцыі дэзынфармацыі.
Амаль адначасова з пастом Жучкоўскага пра вярбоўку ў Сірыю ў суполцы беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на ўкраінскім баку, з'явілася паведамленне пра начны бой каля вёскі Пяскі.





