Чаму на мітынгі выходзіць значна менш людзей, чым на канцэрт Крамбамбулі?

«Калі людзі адчуюць патрэбу, неабходнасць, перспектыву, сэнс, і галоўнае — надзею, то яны выйдуць», — напісаў Віталь Цыганкоў.

Усё слушна. Патрэбу і неабходнасць адчувае шмат хто. Праблема з надзеяй і перспектывай. Гэту дэпрэсіўнасць можа зламаць толькі рэальнае зразуменне, колькі побач ёсць людзей, такіх як ты. Кажу гэта як чалавек, які бачыць сітуацыю, у тым ліку, і з боку. Людзі часта перакананыя, што ў сваіх гарадах, вёсках, дамах, вуліцах — яны адзіныя, хто мае такія погляды, а таму і маўчаць, каб лішні раз не ўляпацца ў спрэчку ці нават сварку. І гэтае адчуванне самоты параджае дэпрэсію.

Пару прыкладаў. Першыя чатыры са школьных гадоў. Аднаго разу папрасіў у настаўніка даць пачытаць кніжку Яна Баршчэўскага. На першай жа старонцы подпіс «такому і такому ад абласной арганізацыі БНФ». А чалавек ані разу за цэлыя гады не даў намёку такога.

Слухаю дома «Свабоду». Да бабулі заходзіць суседка: «О, дык і ты Свабоду слухаеш».

Іду па сваёй вёсцы і бачу, што ў паштовай скрыні на плоце «Народная воля». Разгаварыўся так з адным аднавяскоўцам, а ён, аказваецца, яшчэ з 90-ых разам з жонкай у БНФ. Быццам бы гаворыш з людзьмі на вуліцы пра кароў, сабак, сена, і не ведаеш, што супольных тэмаў у вас значна больш. І гэтаму былі доказы.

У 10-ым класе мы з сябрамі з вёскі зладзілі канцэрт НРМ у Стоўбцах. Шмат хто мне казаў, што гэта мёртвы нумар. Першыя хвіліны размовы з кіраўніцтвам ДК не давалі надзеі, але потым «дзве душы» зразумелі, што яны вяшчаюць на той самай хвалі і ўсё атрымалася. 300 чалавек трэслася праз тыдзень на адзіным у нашым раённым цэнтры канцэрце НРМ у гісторыі.

Гартаю летась альбом «Менская вясна — 1996» і бачу ў спісе затрыманых бацькавага аднакласніка, рабочага завода, які часам прыязджае да бацькоў у госці і хоць бы раз загаварыў на гэтыя тэмы.

Памятаю, як на «Белсат» прыйшоў ліст з маёй вёскі, дзе людзі скардзіліся на карупцыю ў адным дзяржпрадпрыемстве і прасілі памагчы. Гляджу подпісы і не магу паверыць, што гэтыя людзі, якіх я, здавалася б, ведаю «як аблупленых», пішуць такі ліст і яшчэ падпісваюцца ўласнымі імёнамі.

Заходжу летам у госці да знаёмых — на каміне «Пагоня». А яны, на маё здзіўленне, кажуць: дык вунь і ў суседа «Пагоня».

Іду ў тую хату, а там «Пагоня» на палову дзвярэй.

Іду месяц таму па вёсцы, спыняе адзін дзядзька. Распытвае пра выбары, што я думаю і г.д. Не хачу спрачацца і стараюся размаўляць пра надвор’е, а ён тут раптам пачынае чытаць міні-лекцыю на тэму «Чаму Лукашэнку трэба на пенсію».

У гэты ж дзень увечары да бацькоў звоніць незнаёмая мне кабета, якая 15 хвілін, ледзь не плачучы, распавядае пра сваё жыццё, пра рэпрэсаваную камуністамі сям’ю, пра сённяшні маразм і просіць перадаць дзякуй усім журналістам «Белсата» (дарэчы, пры нагодзе перадаю).

Пасля таго, як я завёў блог па лакальнай гісторыі, да мяне пачалі пісаць землякі. Пішуць па-беларуску. Запрашаюць у госці. Пішуць нават тыя, каго я найменш падазраваў не толькі ў цікавасці да гісторыі, але і да чытання ўвогуле. Таксама і яны, жывучы побач, думаюць, што побач жывуць людзі, якім нічога не трэба, апрача чаркі, шкваркі і іншамаркі.

Я ведаю шмат умоўных Іванаў Шылаў (вітанне спадару Дынько), якія працуюць аграномамі, настаўнікамі, інжынерамі, рабочымі на заводах і г.д. Людзі ціхенька робяць сваю справу, не хочуць асабліва высоўвацца, бо лічаць, што яны такія адны.

Зразумела, што паміж разумець і дзейнічаць — яшчэ вялікі адрэзак дарогі. Але яны ўжо прынамсі стаяць на адным танцоле і скачуць пад тую самую музыку. Бяда, што ніяк не могуць перасячыся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?