Расійскі нацыяналістычны палітолаг Мікалай Старыкаў адгукнуўся на заклікі адмяніць сустрэчу з ім у Мінску.
«Русские, Белорусы и Украинцы — один народ! Точно также как выходец из Баварии, Гессена и Пруссии являются единым немецким народом, хотя на протяжении столетий жили в различных государствах», — напісаў ён на сваім сайце.
Ён звінаваціў патрыятычныя сілы Беларусі ў «прэсінгу» і «боксе», у выніку чаго кнігарня «Светач» другую з запланаваных сустрэч са Старыкавым адмяніла.
«Інтэрнэт-апалчэнне» Старыкава (тэрмін з ягонага сайта) засыпае беларускія сайты пад капірку напісанымі каментамі ў ягоную падтрымку.
Маладафронтаўцы заклікалі патрыётаў прыйсці на сустрэчу са Старыкавым і задаваць яму пытанні.
Сустрэчу, дарэчы, мае весці твар тэлеканала АНТ і кіраўнік прэзідэнцкага часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін. Рэдкі выпадак, калі дзяржаўны чыноўнік адкрыта падтрымоўвае чалавека, які адмаўляе нацыянальную самастойнасць беларусаў.
Цікава, што БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі прапануе студэнтам адгулы ўзамен за наведванне сустрэчы.
Сустрэча адбудзецца 17 лістапада а 17-й у канферэнц-зале гатэля «Беларусь» на Старажоўскай у Мінску.





