На Tuzin.fm прэм’ера новага кліпа гурта Re1ikt «Zrušany Sviet». Музыкі зьнялі яго з мэтаю паказаць свой пазытыўны і драйвовы складнік.

Здымкі роліка адбыліся на тэрыторыі аднаго складоў на ўскрайку Менску. «Па сюжэце мы граем у ангары, у якім прарастаюць дрэвы. Тут няма сонечнага сьвятла, але з дапамогаю музычнай энэргетыкі і добрых думак жыцьцё адраджаецца і квітнее», – распавядае Зьміцер Наркевіч, бас-гітарыст гурта. Рэжысэрам роліка стаў Алесь Дземідзінка, лідэр і бубнач гурта. «Ведаю, што шмат хто лічыць нас містычнымі, магічнымі ды шаманскімі, якія ў цемры нешта варожаць, – кажа Алесь. – Дык вось кліпам «Зрушаны сьвет» мы хочам прадэманстраваць свой пазітыўна/драйвовы/рокавы складнік. А таксама паказаць, што нават у месцы, дзе няма сонца ўнутранаястаноўчая энэргія здольная ствараць сьвятло».

Папярэдні ролік гурта на акустычную вэрсію песьні «Чаго ты, лося» дасягнуў посьпеху ў мінулым сэзоне наTuzin.fm і перамог у мэгатуры 2014/2015. «Кліпы трэба здымаць. Гэта візуальны складнік гурта, музыкі, што мы граем. Відэа гарманічна дапаўняе тое, што мы выказваем праз музыку, – упэўненыястваральнікі «Зрушанага сьвету». – Новыя кліпы абавязкова будуць, яны заплянаваныя і ідзе падрыхтоўка да іх стварэньня».

Музыкі зрабілі гэтае відэа яшчэ і таму, каб паказаць што зь сябе ўяўляе гурт на сёньня, бо ня кожны слухач можа трапіць на іх канцэрт і апынуцца ў іх атмасфэры. Вялікі канцэрт гурта з нагоды прэм’еры альбому «Лекавыя травы» адбудзецца 7 сьнежня ў Менску.

Над кліпам «Zrušany Sviet» працавалі Аляксандар Дземідзенка (рэжысэр), Віталь Наркевіч (апэратар, мантаж, постпрадакшн), Сяргей Драніца, Ірына Куташова, Валерыя Конанава (здымачная група). Гурт таксама выказвае падзякі Максіму Янківу, Івану і Вячаславу Масьлюковым, Віцю Шумскаму, Кацярыне Арцімені.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?