У жніўні гэтага года ў Полацкі міжраённы аддзел Следчага камітэта надышла заява ад жыхаркі горада. Жанчына паведаміла, што яе дачка, якой на той момант было 2,5 гады, праглынула батарэйку-таблетку. Дзіця адвезлі ў гарадскую бальніцу, але, па словах маці, медыкі так і не заўважылі іншароднае цела.
Ілюстратыўнае фота.
«Паставілі дыягназ: прастуда. Праз пяць дзён стан пагоршаў. Зрабілі другі рэнтген — і зноў не ўбачылі батарэйкі. Зноў дыягнаставалі прастуду. Тое, што ў арганізме іншароднае цела, доктар у Полацку выказаў здагадку толькі праз 9 дзён — 21 жніўня, калі дзіця было ўжо ў коме», — распавяла tut.by маці дзяўчынкі.
Выратаваць дзіця змаглі толькі ў Мінску. Пазней яна перанесла тры аперацыі.
«У яе ўжо няма стрававода, пацярпеў мозг. Яна цяпер як немаўля: не гаворыць, плача, рыпае зубамі, засынае толькі на руках. Трэба будзе яшчэ аперацыю… Мы шукаем рэабілітацыйны цэнтр за межамі краіны. Я ўпэўнена, што ўсе гэтыя пакуты майго дзіцяці — з-за дзеянняў полацкіх медыкаў. Ужо тры месяцы мы б'емся за здароўе сваёй дзяўчынкі. Яна была абсалютна здаровая, мы збіраліся праз тры дні ісці ў садок», — плача маці.
У дачыненні да медыкаў заведзеная крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў.