Сёння пасля 16-й гадзіны на станцыях «Каменная горка» і «Малінаўка» працавалі сапёры.
Часова быў зачынены вестыбюль з боку МКАД на станцыі метро «Каменная горка». Міліцыя ачапіла падыход, на месцы працавалі сапёры. З вестыбюля і гандлёвых памяшканняў побач эвакуявалі наведнікаў і супрацоўнікаў.
Падыход да станцыі «Малінаўка». Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY
Таксама быў перакрыты ўваход на станцыю метро «Малінаўка» з боку гіпермаркета ProStore. Там дзяжурыў АМАП і супрацоўнікі МУС.
Як высветлілася, у абодвух выпадках каля станцый былі заўважаныя безгаспадарныя торбы. У іх знайшлі звычайныя асабістыя рэчы.
«Ніякай пагрозы не было. Гэта проста выпадковасць, што вось так атрымалася, — паведаміў «Нашай Ніве» Андрэй Кузьмін, прэс-сакратар сталічнага метрапалітэна. – Самі станцыі працягвалі працу ў штатным рэжыме, рух не быў спынены. Перакрывалі толькі асобныя падыходы да іх».