7-8 лістапада бягучага году ў Вільні адбылася канфэрэнцыя «Выклікі «Рускага сьвету»: крытыка тэорыі і практыкі «заходнерусізму». Суарганізатарамі канфэрэнцыі выступілі: Партыя БНФ, Інстытут беларускай гісторыі і культуры, Gudų Atstovybė Lietuvoje (Беларускае прадстаўніцтва ў Літве), Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай.

Канфэрэнцыя прайшла вельмі плённа. Дакладчыкі выступалі ня толькі з тэарэтычнымі разважаньнямі, але і выказвалі практычныя ідэі таго, што можна супрацьпаставіць ідэі «Рускага сьвету», якім чынам найлепш забясьпечыцца ад расейскай прапаганды.

Доктар навук Анатоль Тарас засяродзіўся на 12 мітах заходнерусістаў – тым, што з году ў год паўтараюць рупары расейскай прапаганды: аб адвечным памкненьні беларусаў да ўзьяднаньня з Расеяй, пра нянавісьць беларусаў да «польска-літоўскіх паноў», пра забітасьць беларусаў і асьвету, якую ім дала Расея і г.д. Акрэсьленьне гэтых мітаў мае вялікае значэньне, каб супрацьстаяць маніпуляцыям.

Рэдактар сайту «Гістарычная праўда», канд. гіст. навук Ігар Мельнікаў апавёў аб інтэрпрэтацыях гісторыі Беларусі сучаснымі заходнерусістамі, зьвярнуў увагу на неабходнасьць стварэньня ўласнага гістарычнага кантэнту і яго пашырэньня, адзначыў важнасьць стварэньня пазытыўнага вобраза нашай гісторыі ў вачох беларускай дзяржаўнай эліты.

Экспэрт Незалежнага Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Сяргей Нікалюк асноўную ўвагу надаў характарыстыкам «Рускага сьвету» у сучаснасьці. Сьцьвердзіў адсутнасьць спэцыяльных дасьледваньняў па праблематыцы Расеі і мэнтальнасьці як беларусаў, так і расейцаў, што спараджае цяжкасьці пры навуковым разглядзе пытаньня.

Канд. паліт. навук Ірына Цыкул з Нацыянальнага Унівэрсытэта ў Чарнаўцах (Україна) распавяла, якім чынам канцэпцыя «Рускага сьвету» прысутная ва Ўкраіне і якія гэта прыносіць наступствы. Адзначыла цяжкасьці зь якімі змагаецца Україна і яе народ у часе вайны з прарасейскімі ЛНР і ДНР.

Канд. культуралёгіі Ірына Шумская з Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту Культуры і Мастацтваў абазначыла гістарычна-міталягічныя паралелі, які назіраюцца ў сёньняшніх беларусаў ва ўмовах цывілізацыйнага выбару.

Аляксандр Стральцоў-Карвацкі, намесьнік старшыні Партыі БНФ акрэсьліў ідэю, якая можа стаць адказам на канцэпцыю нэазаходнерусізму сёньня. Такой канцэпцыяй можа быць вяртаньне да каранёў, схаваных у Вялікім Княстве Літоўскім: свабоды асобы, самакіраваньне, вяршэнства права, але ўсё гэта таксама зьвязанае з мясцовымі рэлігійнымі і культурнымі традыцыямі.

Аб небясьпецы радыкальных, парамілітарных расейскіх арганізацыяў распавядаў Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту Belarus Security Blog.

Гістарычны і палітычны патэнцыял заходнерусізму ацэньваў у сваім дакладзе канд. гіст. навук Андрэй Кіштымаў, выкладчык установы альтэрнатыўнай адукацыі «Беларускі калегіюм». Пратаярэй Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а.Леанід Акаловіч казаў аб рэлігійных аспэктах заходнерусізму, іх уплыве на канцэпцыю «Рускага сьвету» сёньня.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў зьвярнуў увагу на ступень прысутнасьці ідэяў заходнерусізму ў беларускіх мэдыях, акрэсьліў кола навукоўцаў і дасьледчыкаў, якія ідуць у фарватэры гэтых ідэяў.

Практычныя вынікі канфэрэнцыі таксама добрыя. Быў наладжаны прадуктыўны працоўны кантакт паміж Партыяй БНФ, Інстытутам беларускай гісторыі і культуры, Беларускім камітэтам салідарнасьці з Украінай і Gudų Atstovybė Lietuvoje. Вынікам канфэрэнцыі стала стварэньне стала дзеючай працоўнай групы. Першым яе заданьнем будзе скласьці плян канфэрэнцыяў да 2018 г., які будзе апублікаваны ў сьнежні гэтага году. Прадугледжваецца паўгадавы цыкль канфэрэнцыяў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?