Беларускія вучоныя і медыкі ўпершыню ў гісторыі краіны правядуць нестандартную аперацыю па аднаўленні разбураных нейронных ланцугоў галаўнога мозга чалавека, паведаміў журналістам 19 лістапада ў Мінску намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Кульчыцкі.

Паводле яго слоў, калі працэс разбурэння нейронных ланцугоў выкліканы пухлінай, то аднавіць пашкоджаныя ўчасткі можа толькі нейрахірург. Аднак калі нейронныя ланцугі разбураныя ў выніку траўмы або кровазліцця ў мозг, то можна дапамагчы чалавеку іншым спосабам. Напрыклад, увесці ў арганізм пацыента нейронападобныя клеткі, вырашчаныя з іншых яго клетак.

Кульчыцкі зазначыў, што класічна нейронападобныя клеткі ўводзяць пацыенту ўнутрывенна, унутрыартэрыяльна або непасрэдна ў мозг шляхам трэпанацыі чэрапа. Але трэпанацыя з'яўляецца дадатковым хірургічным умяшаннем, якое пагаршае стан пацыента. З другога боку, клеткам, што ўведзены цераз сасудзістае рэчышча, каб распаўсюдзіцца па арганізме, трэба пераадолець гемата-энцэфалічны бар'ер — фізіялагічную мяжу паміж крывяноснай і цэнтральнай нервовай сістэмамі, што зніжае поспех аперацыі.

«Мы ж робім гэта шляхам увядзення клетак у заканчэнні чэрапна-мазгавых нерваў, у прыватнасці у рэцэптары нюхальнага нерва пад слізістую абалонку носа, — сказаў вучоны. — Уздоўж нервовых ствалоў нюхальнага нерва гэтыя клеткі самі мігрыруюць у тую зону, дзе разбураны ўчастак, убудоўваюцца ў яе і аднаўляюць нейронную сетку. Гэта наша ноу-хау… Як вы самі разумееце, гэта працэдура не такая траўматычная». 

Такая сістэма аднаўлення разбураных нейронных ланцугоў галаўнога мозга распрацаваныя супрацоўнікамі Інстытута фізіялогіі сумесна з калегамі з Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, кафедры біяфізікі Белдзяржуніверсітэта і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра па неўралогіі і нейрахірургіі.

Паспяховыя эксперыменты ўжо праведзеныя ў лабараторных умовах на паддоследных жывёлах.

Міністэрства аховы здароўя афіцыйна дазволіла правесці такую аперацыю пацыенту-чалавеку ў пачатку 2016 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?