Прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер прапанаваў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну больш цесныя гандлёвыя ўзаемаадносіны паміж ЕС і Мытным саюзам у выпадку прагрэсу з выкананнем спынення агню на Данбасе.
Юнкер агучыў гэтую прапанову ў лісце, які накіраваў Пуціну на гэтым тыдні, перадае DW са спасылкай на Reuters.
У лісце Юнкера падкрэсліваецца важнасць добрых адносін паміж ЕС і Масквой, «якія, на вялікі жаль, не было магчымасці развіваць на працягу апошняга года».
Прэс-сакратар Еўракамісіі пацвердзіла, што Юнкер напісаў Пуціну ліст пасля непрацяглай сустрэчы на саміце G20, аднак не браў на сябе ніякіх новых абавязацельстваў у ім.
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што здзіўлены лістом Юнкера, які не адлюстроўвае меркаванне сяброў ЕС і ніякім чынам не згадвае санкцыі ЕС супраць Расіі за анексію Крыма і дэстабілізацыю на Данбасе.





