МЗС Турцыі выклікаў пасла РФ у Анкары Андрэя Карпава і заявіў яму пратэст у сувязі з авіяўдарамі расейскіх вайскоўцаў па туркменскім селішчы Байырбуджак на поўначы Сірыі.

У заяве турэцкага знешнепалітычнага ведамства гаворыцца, што расійскія ваенныя бамбяць тэрыторыю, якая знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Турцыі.

У тым ліку, па інфармацыі турэцкага боку, удары прыйшліся па селішчы Байырбуджак, дзе жывуць сірыйскія туркмены.

«Высветлілася, што расейскія самалёты інтэнсіўна бамбавалі туркменскія вёскі ў рэгіёне Байырбуджак на паўночным захадзе Сірыі паблізу нашага пагранперахода Яйладаг […] Было падкрэслена, што дзеянні расейскага боку не з'яўляюцца барацьбой з тэрарызмам, ажыццяўляюцца бамбардзіроўкі мірных туркменскіх вёсак, і гэта можа прывесці да сур'ёзных наступстваў», — гаворыцца ў заяве МЗС Турцыі.

Анкара запатрабавала ад Расіі «неадкладна спыніць аперацыю».

Як стала вядома ў чацвер, расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў 25 лістапада прыязджае ў Турцыю з візітам. Плануецца, што ён прыме ўдзел у пасяджэнні расійска-турэцкай Сумеснай групы стратэгічнага планавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?