Справай займалася жонка Станіслава Станіслававіча, паведамляе »Народная воля».

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка ў 1997 годзе скасаваў пастанову парламента аб пажыццёвай пенсіі былому прэм'еру і кіраўніку дзяржавы ў памеры 70—75% ад акладу дзеючага прэм'ера і спікера.

Ён таксама падпісаў дэкрэт аб «упарадкаванні пенсій за асаблівыя заслугі перад беларускім народам». Атрымалася, што пенсіі за асаблівыя заслугі былі прызначаныя ў асноўным першым асобам савецкай Беларусі, напрыклад, былым кіраўнікам Кампартыі Беларусі Мікалаю Слюнькову і Яфрэму Сакалову.

Пяцярым іншыя былым кіраўнікам незалежнай Беларусі, якія Лукашэнку не падтрымалі, — Станіславу Шушкевічу, Георгію Таразевічу, Сямёну Шарэцкаму, Мечыславу Грыбу і Міхаілу Чыгіру — дадзеным дэкрэтам пенсія была пакінутая на тым узроўні, на якім знаходзілася на момант падпісання дэкрэта, адным словам, «замарожаная». У 1997 годзе гэта было 3 196 000 беларускіх рублёў, а пасля дэнамінацыі 1999 стала 3200 рублёў у месяц. Такой яна і заставалася да апошняга часу.

80-гадовы Шушкевіч прынцыпова не хацеў што-небудзь прасіць і прыніжацца. Толькі цяпер жонка Станіслава Станіслававіча аформіла дакументы на атрыманне ім пенсіі па ўзросце. Цяпер першы кіраўнік Беларусі будзе атрымліваць крыху больш за 4 млн рублёў.

— Гэта «выхадкі» жонкі. Хоць грошы, натуральна, не перашкодзяць, у апошні час я на самой справе зламаўся ў плане працы. Раней даволі шмат працаваў за мяжой, а цяпер здароўе ўжо не тое.

У мяне раней была пенсія «за асаблівыя заслугі» 3200 рублёў, яе замацавалі на ўзроўні 1997 года, і справа з месца не рухалася. І жонка вырашыла пайсці іншым шляхам. Мне нічога не сказала, сама ўступіла, так бы мовіць, у змову з сацыяльнымі службамі. Пенсія, дарэчы, магла б быць таксама большай, калі ўлічваць, што я заслужаны дзеяч, член-карэспандэнт Акадэміі навук і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, але сацыяльныя службы сказалі, што тут не той выпадак, — распавёў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0