Святло на большасці вуліц Баранавічаў выключаюць з апоўначы да 5 гадзін раніцы. Такое рашэнне прыняў гарвыканкам з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў.
На вуліцы Тэльмана ліхтары гараць усю ноч, intex-press.by
Як распавялі Intex-press у Баранавіцкім гарвыканкаме, адключаць вулічнае асвятленне пачалі з 17 лістапада. Аднак не на ўсіх вуліцах, як, напрыклад, у Брэсце.
Усю ноч у Баранавічах гараць ліхтары на пуцеправодах па вуліцах Савецкай і Тэльмана, на вуліцах Баранава, Фабрычнай і на праспекце Савецкім.
На вуліцах Цыялкоўскага, Энтузіястаў, Паркавай і праспекце Машэрава вулічнае асвятленне адключаюць не апоўначы, а ў гадзіну ночы: для зручнасці гараджан, якія прыязджаюць у гэты час з «Атланта».
«Я размаўляў з начальнікам Брэсцкай ДАІ і ён сказаў: ноччу Брэст не праглядаецца нават са спадарожніка, — распавёў Уладзімір Захарчук, намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама. — Наш горад са спадарожніка убачыць усё ж такі можна, бо вулічнае асвятленне адключаюць не ўсюды».
Па словах У.Захарчука, ніякіх зменаў у крымінагеннай абстаноўцы горада адключэнне вулічнага асвятлення пакуль не пацягнула, але гарадскія ўлады адсочваюць гэтую сітуацыю.