Чатыры апазіцыйныя структуры — рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) і Партыя БНФ — ствараюць новую правацэнтрысцкую кааліцыю. 

Прадстаўнікі гэтых арганізацый падчас візіту ў Брусель 17—19 лістапада падпісалі дэкларацыю аб стварэнні правацэнтрысцкага блока. Візіт праходзіў па запрашэнні Еўрапейскай народнай партыі. 

Мяркуецца, што новая кааліцыя будзе сумесна ўдзельнічаць у дзвюх найбліжэйшых выбарчых кампаніях шляхам стварэння адзінага спіса кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў на парламенцкіх выбарах 2016 года і вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. 

Прадстаўнікі згаданых структур пакуль не пацвярджаюць факт падпісання дэкларацыі аб стварэнні кааліцыі. Разам з тым яны не адмаўляюць, што правацэнтрысцкія арганізацыі абмяркоўваюць планы сумеснай дзейнасці. 

«Зараз мы працуем над стварэннем пляцоўкі для сумеснай дзейнасці, — паведаміў БелаПАН старшыня АГП Анатоль Лябедзька. — Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Сёння нікога не здзівіш стварэннем нейкай кааліцыі. Нам хацелася б па-добраму здзіўляць цалкам канкрэтнымі дзеяннямі». 

Паводле слоў Лябедзькі, няма нічога нечаканага ў тым, што правацэнтрысцкія структуры пачалі каардынаваць сваю дзейнасць. «Такую пляцоўку лягчэй стварыць, калі ў яе аснове ляжаць ідэалагічныя каштоўнасці і агульнае разуменне, як развіваць краіну. З аднаго боку, гэта аб'ектыўны працэс, што ідуць кансультацыі. Але пакуль я б казаў асцярожна аб стварэнні пляцоўкі, на якой можа з'явіцца сур'ёзная кааліцыя. Ну, а занепакоеныя мы ў першую чаргу зусім канкрэтнымі кірункамі дзейнасці, кампаніямі, якія ў нас могуць быць», — сказаў лідар АГП. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?