Рашэннем назіральнага савета ААТ «558-мы авіяцыйны завод» (Баранавічы) абраны Павел Пінігін, які дагэтуль быў намеснікам дырэктара па развіцці.

Як паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Уладзімір Лаўранюк, рашэнне назіральнага савета было прынятае 26 лістапада. Сёння Пінігін пачаў працаваць на новай пасадзе.

Павел Пінігін нарадзіўся 23 жніўня 1962 года ў Баранавічах. У 1986 годзе скончыў Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае інжынернае вучылішча, а ў 2008 годзе Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. З 1986 па 1992 гады праходзіў ваенную службу на розных інжынерна-тэхнічных пасадах у часцях 26-й Паветранай арміі ВПС СССР і ВПС Беларусі. З 1992 года Павел Пінігін працуе на 558-м авіяцыйным рамонтным заводзе. За 23 гады ён прайшоў шлях ад намесніка начальніка цэха да намесніка дырэктара прадпрыемства па развіцці. 

26 лістапада выканаўца абавязкаў старшыні Дзяржкамваенпрама Ігар Быкаў, прадстаўляючы працоўнаму калектыву ААТ «558-мы авіяцыйны завод» наноў абранага кіраўніка арганізацыі, адзначыў яго прафесійныя і арганізатарскія здольнасці і пажадаў поспехаў на новай пасадзе, а таксама не збаўляць тэмпаў пазітыўнай дынамікі развіцця, закладзенай папярэднім кіраўніцтвам. 

Ён таксама выказаў падзяку Уладзіміру Рыбіну за зробленае ў бытнасць дырэктарам ААТ «558-мы авіяцыйны завод». 

Рыбін вызвалены ад пасады дырэктара ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта на падставе заявы. 

Як зазначаюць у Дзяржкамваенпраме, сёння ААТ «558-мы авіяцыйны завод» з'яўляецца прадпрыемствам, якое дынамічна развіваецца, эканамічна паспяховае і лідзіруе ў сваёй сферы, далёка вядомае за межамі краіны як сур'ёзнае і надзейнае прадпрыемства па рамонце і мадэрнізацыі авіяцыйнай тэхнікі. 

Спектр прадукцыі і паслуг 558-га АРЗ пастаянна пашыраецца. Апрача асваення рамонту новых тыпаў авіятэхнікі прадпрыемства распрацоўвае і вырабляе сістэмы радыётэхнічнай абароны лятальных апаратаў ад высокадакладнай зброі, тактычныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы, складанае стэндавае абсталяванне, арганізуе сэрвіснае (пасляпродажнае) абслугоўванне тэхнікі, займаецца праектаваннем і стварэннем цэнтраў лагістычнай падтрымкі авіятэхнікі, навучаннем персаналу замоўнікаў рамонту і эксплуатацыі авіяцыйнай тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?