У затрыманага ў ноч з 25 на 26 лістапада на мінскім вакзале беларуса, які ваяваў ва Украіне, была даведка аб удзеле ў антытэрарыстычнай аперацыі. Пра гэта 27 лістапада паведамілі журналістам на брыфінгу ў Следчым камітэце.

Тут і ніжэй фота: прэс-служба СК

Тут і ніжэй фота: прэс-служба СК

«Мужчына быў затрыманы дзякуючы пільнасці супрацоўнікаў транспартнай міліцыі на чыгуначным вакзале: іх зацікавіў мужчына, у якога з-пад курткі відаць была армейская бронекамізэлька — такі выгляд пасажыра наўрад ці можна назваць звычайным», — распавялі прадстаўнікі ведамства.

Пры асабістым вобшуку ў яго знайшлі маску з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове аскепкавай гранаты ВОГ-17 да станковага гранатамёта, пісталет, электронныя носьбіты, даведка аб удзеле ў антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Украіны.

Адзначаецца, што абодва пашпарты, знойдзеныя пры мужчыну, беларускія. Іх сапраўднасць выявіць экспертыза. Вядома толькі, што яны выпісаныя на адно прозвішча з розніцай толькі ў адну літару.

Устаноўлена, што 25 лістапада падазраваны заехаў на тэрыторыю Беларусі з боку Украіны. Для перасячэння мяжы ён выкарыстаў наняты ім аўтамабіль.

«Пасля аператыўнага вывучэння інфармацыі з канфіскаваных электронных носьбітаў з'явіліся падставы меркаваць магчымае дачыненне мужчыны да узброеных фарміраванняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Данецкай вобласці ў кастрычніку 2015 года. Для дэталёвага вывучэння гэтых дадзеных і праверкі прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, якія будуць праводзіць спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз», — распавёў афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.

«Паводле папярэдніх высноў экспертаў-выбухатэхнікаў, прадстаўленыя вырабы з'яўляюцца самаробным выбуховым прыстасаваннем. Яно выраблена на базе стандартнага выбухоўніка ручной гранаты прамысловага вырабу і аскепкава гранаты да гранатамёта. Можна дадаць, што аналагічныя самаробныя выбуховыя прылады выкарыстоўваліся чачэнскімі баявікамі пры правядзенні тэрарыстычных аперацый на тэрыторыі Расіі», — распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Ягор Лівай.

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску расследуе крымінальную справу па ч.2 арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Фігурант справы — ураджэнец Наваполацка Віцебскай вобласці. Аб яго асобе пакуль паведамляецца няшмат. Вядома толькі, што ў яго маецца няскончаная вышэйшая адукацыя ў адным з беларускіх ВНУ (5 курсаў).

Вывучыўшы наяўныя доказы па справе, следства мае намер хадайнічаць перад пракурорам аб заключэнні мужчыны пад варту.

Сам мужчына пры затрыманні супраціву не аказваў, паводзіў сябе спакойна. Якія тлумачэнні са свайго боку ён даваў — яшчэ не паведамляецца.

Даведка аб удзеле ў антытэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны, адзначылі ў СК, была выпісана ад асобы камандзіра адной са структур «Правага сектара».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?