Двое ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС Расіі, затрыманыя ў чацвер на тэрыторыі Луганскай вобласці Украіны, перададзеныя расейскім памежнікам. Па словах кіраўніка прэс-службы ўнутраных войскаў МУС Расіі Васіля Панчанкава, ваенныя заблукалі.

Пра затрыманне паблізу пункта пропуску «Мелавое» двух грамадзян Расіі ў ваеннай форме з апазнавальнымі знакамі расійскіх унутраных войскаў раней паведаміў прадстаўнік Дзяржпагранслужбы Украіны Алег Слабадзян. У яго заяве гаворыцца, што расейцаў затрымалі «за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы».

Як тлумачыць Васіль Панчанкаў, у чацвер група ваеннаслужачых унутраных войскаў ехала на цягніку Масква-Грозны на зборы ў навучальны цэнтр у Краснадарскім краі. На станцыі Чарткова, якая размяшчаецца на мяжы Расіі і Украіны, двое вайскоўцаў выйшлі з вагона і, «не ўбачыўшы ніякіх відавочна прыкметных пагранічных знакаў, павярнулі ў бок украінскай чыгуначнай станцыі і апынуліся на тэрыторыі Украіны».

Панчанкаў кажа, што мяжа ў тым месцы праходзіць па чыгунцы, а дзве станцыі — расійская і ўкраінская — размяшчаюцца насупраць. «Таму вайскоўцы апынуліся па той бок мяжы ненаўмысна, без злога намеру і без зброі, нават не ведаючы, што апынуліся за мяжой, проста выйшаўшы з вагона», — распавёў Панчанкаў.

Расійскіх вайскоўцаў спынілі амаль адразу ж ля перона для праверкі дакументаў.

«Над імі ва Украіне ўжо адбыўся суд, яны атрымалі судовую пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні ў сувязі з пераходам мяжы, у цяперашні час яны перададзеныя расейскім памежнікам», — цытуе Панчанкава ТАСС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?