У Мінску Рускі драматычны тэатр Літвы паказаў музычны спектакль па Аляксандру Увядзенскаму «Ёлка ў Івановых», які ў Літве быў адзначаны шэрагам прэстыжных узнагарод.
Delfi.lt
Аднак, як распавялі кіраўнік тэатра Ёнас Вайткус і акцёр Валянцін Навапольскі, многія гледачы ў беларускай сталіцы спектакль не зразумелі і пакінулі залу.
«Я іх паважаю за тое, што яны сышлі, бо яны не сядзелі і не пляваліся дзесьці там унутры, а выказалі сваё стаўленне», - сказаў Ё.Вайткус у інтэрв'ю Беларускаму радыё.
«Нас калегі пыталіся, ці было нам цяжка на сцэне, калі людзі сыходзілі. Да таго ж яны лаяліся і плявалі. Але цяжка не было. Мы зразумелі, што тут нешта трапіла ў балючае месца. Мабыць, людзі не чыталі Увядзенскага, не чыталі Хармса, мабыць, яны не так добра ведаюць гісторыю літаратуры. У гэтым няма нічога страшнага, я таксама шмат чаго не ведаю», - сказаў В.Навапольскі.
Спектакль быў пастаўлены ў 2013 годзе і атрымаў 4 прэстыжныя літоўскія тэатральныя узнагароды «Залаты крыж».
Рускі тэатр Літвы гастраляваў у Беларусі з 25 па 29 лістапада. Упершыню на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў Мінску былі паказаны спектаклі «Зойкіна кватэра», «Ёлка ў Івановых», «Яўген Анегін», «Кароль Лір».