3—5 лютага ў сталіцы Славеніі адбудзецца найбуйнейшы на Балканах шоукейс-фестываль MENTLjubljana, дзе ўпершыню будзе прадстаўлена сучасная беларуская музыка. З 60 дасланых ад нашай краіны заявак арганізатары абралі індзі-поп праект Mustelideі пост-панкавы гурт SuperBesse.

Агулам на фэсце выступяць больш за 50 артыстаў з 20 краін, у тым ліку з Францыі, Італіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Венгрыі. Партнёрам MENT Ljubljana ў Беларусі з’яўляецца праект Experty.by, які таксама дапамагае беларускім артыстам выступіць на шоўкейс-фестывалях Tallinn Music Week (Эстонія), Vilnius Music Week (Літва), Lost In Music (Фінляндыя), Moscow Music Week (Расія).

– Мы зацікавіліся беларускай музыкай, калі мінулай вясной убачылі выступ Super Besse на Tallinn Music Week – гурт мае проста ашаламляльную энергетыку! – адзначае букер MENT Ljubljana Андраж Кайзер. – Актыўнасць беларускіх музыкаў нас таксама ўразіла –Беларусь патрапіла ў топ-10 краін па колькасці заявак. Сярод іх было даволі шмат цікавых калектываў, у тым ліку са спалучэннем фолка і сучаснай музыкі. Мы стараліся абіраць тых, хто на наш погляд мае максімальны патэнцыял для міжнароднага рынка.

Акрамя канцэртных выступаў на MENT Ljubljana будзе адбывацца і прафесійная канферэнцыя, якую наведаюць прадстаўнікі лэйблаў Ghostly International (ЗША), Beggars Group (Вялікабрытанія), Glitterbeat (Германія/Славенія), Moonlee Records (Славенія); букінг-агенцый Paper & Iron (Германія), Toutpartout (Бельгія), Belmont Bookings (Нідэрланды), Ink Music (Аўстрыя), Charmenko (Турцыя); фестываляў Pohoda (Славакія), Tallinn Music Week (Эстонія), Le Guess Who? (Нідэрланды), Taksirat (Македонія) і Druga Godba (Славенія).

Адзіны квіток на ўсе дні і канцэрты фестывалю да 18 снежня каштуе 30 еўра, прафесійны пропуск (уключае канферэнцыю, доступ да базы кантактаў гасцей фестывалю і ўсе канцэрты) – 45 еўра. Падрабязная інфармацыя на сайце www.ment.si.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0