Следчы камітэт Расіі завочна прад'явіў бізнесмену Міхаілу Хадаркоўскаму абвінавачванне ў забойстве мэра Нефцеюганска Уладзіміра Петухова, якое адбылося ў 1998 годзе.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка ведамства Уладзіміра Маркіна, таксама Хадаркоўскага абвінавачваюць у замаху на забойства Вячаслава Какошкіна, які суправаджаў Петухова, і ў двух замахах на бізнэсмэна Яўгена Рыбіна, падчас аднаго з якіх загінуў яго ахоўнік.

«Па дадзеных следства, менавіта Хадаркоўскі, з'яўляючыся акцыянерам і старшынёй праўлення нафтавай кампаніі ЮКАС, даручыў падначаленым яму супрацоўнікам кампаніі Неўзліну і Пічугіну, а таксама іншым асобам забойства Петухова і Рыбіна», — сцвярджае Маркін.

Раней сам Хадаркоўскі паведаміў, што следства выклікала яго на допыт у якасці абвінавачанага. Ён заявіў, што не паедзе на допыт, а таксама назваў свой крымінальны пераслед спробай адцягнуць увагу грамадства ад карупцыі ў вышэйшых эшалонах расейскай улады.

«Выстаўляць мне новыя абвінавачванні пад Новы год — даўняя традыцыя. Інфармацыі пра справу больш чым дастаткова. Забойства было раскрыта ў тым жа годзе, што і здзейснена, у 1998-м. Былі знойдзеныя і арыштаваныя выканаўцы, затым па незразумелых прычынах адпушчаныя», — сказаў Хадаркоўскі.

Пазней людзі, якіх следства палічыла выканаўцамі забойства, самі былі забітыя.

Міхаіл Хадаркоўскі быў двойчы прызнаны расійскім судом вінаватым у эканамічных злачынствах і правёў у месцах пазбаўлення волі дзесяць гадоў. Ён адмаўляе сваю віну і называе свой крымінальны пераслед палітычна матываваным.

У 2013 годзе Хадаркоўскага памілаваў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Бізнэсмэн з'ехаў спачатку ў Нямеччыну, а потым у Швейцарыю. Цяпер ён жыве ў Лондане. Экс-кіраўнік ЮКАСа працягвае крытычна выказвацца аб становішчы спраў у Расіі і палітыцы Пуціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?