Віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пагутарыў з прэм'ер-міністрам Арсеніем Яцанюком па тэлефоне, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Белага Дома.
«Джо Байдэн абмеркаваў з Яцанюком важнасць палітычнага адзінства і рух наперад у накірунку рэформаў. Віцэ-прэзідэнт асудзіў напад на прэм'ер-міністра ў Радзе», — сказана ў заяве.
Ён заклікаў ўкраінскіх дэпутатаў пакінуць «рыторыку проціборства», што толькі перашкаджае рэформам, якія «народ Украіны заслужыў».
Джо Байдэн абмеркаваў з Арсеніем Яцанюком падрыхтоўку рэформы дзяржаўнай службы.
У пятніцу ў Вярхоўнай Радзе дэпутат з фракцыі БПП (Блок Пятра Парашэнкі «Солідарність») Алег Барна спрабаваў сцягнуць з трыбуны прэм'ер-міністра Арсенія Яцанюка падчас яго выступу.
Фота УНІАН
Напад на Арсенія Яцанюка ў Вярхоўнай Радзе стаў адной з галоўных тэм сусветных СМІ ў пятніцу. Пасля гэтага інцыдэнту ў сценах парламента завязалася бойка. Алег Барна выключаны са складу фракцыі, і гэта рашэнне публічна падтрымаў Пятро Парашэнка.
Увечары ў пятніцу фракцыя прэм'ера «Народны фронт» сустрэлася з прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і абмеркавала далейшае супрацоўніцтва.
Знаходзячыся ва Украіне, Джон Байдэн намякнуў, што мяняць кіраўніка ўрада цяпер няварта.
«Сустрэўся са спікерам Вярхоўнай Рады Гройсманом, прэзідэнтам Парашэнкам і прэм'ер-міністрам Яцанюком… і я веру, што працуючы разам, яны змогуць стварыць сапраўды свабодную, аб'яднаную і дэмакратычную Украіну», — адзначыў Байдэн.





