На трасе ў самаабвешчанай Луганскай народнай рэспубліцы падарваны аўтамабіль з лідарам мясцовых казакоў Паўлам Дромавым (Павел Дрёмов, быў вядомы як «Баця), ён загінуў, паведаміў інфармагенцтвам прадстаўнік пракуратуры «ЛНР».
«Сапраўды, ёсць інфармацыя, што камандзір 6-га асобнага мотастралковага казацкага палка народнай міліцыі ЛНР Павел Дромаў загінуў, кіроўца выжыў», — сказаў суразмоўца агенцтва.
У замаху падазраюцца ўкраінскія дыверсанты, якія дзейнічаюць у раёне трасы Першамайск—Стаханаў. «Відавочна, што там працавала дыверсійная разведгрупа, вядуцца яе пошукі», — сказаў супрацоўнік пракуратуры.
Раней кіраўнік інфармацыйнага цэнтра News-front Канстанцін Кнырык паведаміў, што Павел Дромаў «ехаў на сваё вяселле».
Атаман Павел Дромаў перайшоў пад камандаванне «ЛНР» ў красавіку 2015 года.
«Так, мы цалкам сталі на забеспячэнне ЛНР… Маім хлопцам цяпер будуць плаціць заробак каля 200 даляраў», — сказаў атаман.





