Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці
Арцыбіскуп служыў у Беларусі чатыры гады. Раней Клаўдыа Гуджэроці займаў пасаду Апостальскага нунцыя ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане. А нарадзіўся ён у італьянскай Вероне.
Цяпер Папа прызначыў Гуджэроці Апостальскім нунцыем ва Украіне.
Перад 12-й гадзінай апоўдні ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску пачалі збірацца вернікі. Развітацца з арцыбіскупам прыйшлі каля 200—300 чалавек.
Пенсіянерка Вераніка Грышкевіч прыехала з Маладзечна.
— Ён такі разумны, сапраўдны слуга Божы, без прытворства, крывадушнасці… — кажа яна пра Гуджэроці, шкадуючы, што Апостальскі нунцый з'язджае служыць ва Украіну.
— Наш біскуп незвычайны, у нас такога не было, — распавядае пенсіянерка Вікторыя Кульпа з Мінскага раёна. Яна адзначае, што арцыбіскуп шмат зрабіў для каталікоў у Беларусі: пры ім стала чатыры біскупы, павялічылася колькасць касцёлаў, ён актыўна працаваў з моладдзю, ездзіў у пілігрымкі.
Студэнт БДУ Валерый Вінча, 21 год, кажа, што Клаўдыа Гуджэроці адкрыты чалавек, якому знаёмае пачуццё гумару.
— Часам не чакаеш ад ксяндза такіх жартаў. Ён жыццярадасны, вясёлы чалавек, зараджае іншых энергіяй, — прызнаецца Валерый.
На літургію таксама прыйшлі беларускія біскупы, святары, кансэкраваныя асобы каталіцкай царквы, прадстаўнікі праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на пачатку літургіі нагадаў, што арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці прыбыў у Беларусь чатыры гады таму, і за гэты час беларускі касцёл моцна змяніўся ў станоўчы бок.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч развітваецца з арцыбіскупам Клаўдыа Гуджэроці.
За час служэння ў нас арцыбіскуп шчыра цікавіўся жыццём народа, вучыў беларускую мову, захапляўся сучаснай беларускай літаратурай. Мітрапаліт падкрэсліў дыпламатычнасць арцыбіскупа, якая спатрэбіцца яму ў служэнні ва Украіне ў нялёгкі для суседняй краіны час.
Развітальнае казанне Клаўдыа Гуджэроці прамаўляў на італьянскай мове. Яго перакладалі на беларускую.
Арцыбіскуп прызнаўся, што яму вельмі цяжка з'язджаць з Беларусі. Звяртаючыся да беларускіх біскупаў і святароў, Гуджэроці сказаў, што адчуваў цяпло сэрцаў, жаданне беларусаў захаваць свет і служыць Богу ў міры.
Ён падзяліўся сваімі назіраннямі наконт таго, што беларускі народ не схільны да пратэсту, ніколі не спытае святара, чаму той не падрыхтаваўся да казання. Ён проста сыдзе з касцёла і больш ніколі не вернецца.
Гуджэроці падзякаваў беларусам, заўважыўшы, што наша гісторыя — шматпакутная.
— Grazie babushkam, — сказаў ён дзякуй «бабушкам», якія нястомна наведваюць касцёл.
Падчас выступу арцыбіскуп працытаваў Рыгора Барадуліна і верш «Даць вырасці…» са зборніка «Ксты»:
«Нялёгкая праца,
Нялёгкаадольная праца —
Страх у сабе знябыць.
Бога не трэба баяцца —
Бога трэба любіць».
Арцыбіскуп заўважыў, што лепш зразумець беларусаў і іх жыццё ён змог дзякуючы нашай прыродзе: лясам, палям, кветкам і азёрам.
На развітанне Клаўдыа Гуджэроці падарылі кветкі, карціну з выявай абраза Маці Божай Будслаўскай і плед з ільну. Апошні падарунак уручалі з пажаданнем, каб пад пледам арцыбіскупу ва Украіне сніліся беларускія сны.
Арцыбіскупу падарылі ільняны плед.
Клаўдыа Гуджэроці пакіне Беларусь ужо праз некалькі дзён. Але заўтра, 13 снежня, ён паедзе ў Будслаў, дзе будзе маліцца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта такую паездку ён перш за ўсё зрабіў чатыры гады таму, калі прыехаў у Беларусь.
Дарагім падарункам была карціна з выявай абраза Маці Божай Будслаўскай.
Сваю першую літургію ва Украіне ён будзе служыць у Львове ў рыма-каталіцкім храме, потым паедзе ў Кіеў і будзе маліцца ў грэка-каталіцкай царкве.





