Гурт Navi запісаў беларускую версію песні «Radioactive» амерыканцаў Imagine Dragons, якія выступяць у «Чыжоўка-Арэне» 22 студзеня. Асноўную частку беларускага тэкста папулярнага хіта, які атрымаў «Грэмі 2014», стварыла мінская школьніца Алена Койстра.

Алене 16 год, яна навучаецца ў 11 класе СШ № 30 горада Мінска. Дзяўчына з’яўляецца прыхільніцай Imagine Dragons з 2013 года. Яе варыянт перакладу быў абраны са 130 работ, якія даслалі фэны гурту на абвешчаны арганізатарамі конкурс беларускіх перакладаў. І цяпер менавіта яна сустрэнецца з музыкамі Imagine Dragons у Мінску ў дзень канцэрта.

— Я люблю Imagine Dragons за іх стыль, за іх думкі, за тое, як яны ставяцца да навакольнага сусвету. Яны размаўляюць з гледачамі пра важныя рэчы цягам канцэртаў, дапамагаюць людзям па-за межамі сцэны, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях. Але галоўнае — гэта іх музыка: энергічная, абуджаючая, прыемная. Музыка, якую немагчыма слухаць фонам. У яе занураешся, спрабуеш асэнсаваць, — кажа Алена.

Абраць пераможцу і запісаць кавер арганізатары канцэрта папрасілі мінскі гурт Navi. На рахунку набіраючага папулярнасць калектыва два студыйных альбомы і кампліменты ад крытыкаў. 14 лютага яны зайграюць першы вялікі сольны канцэрт у клубе Re:Public, а 22 студзеня, у дзень мінскага выступу Imagine Dragons, Navi стануць адзіным беларускамоўным фіналістам нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне».

— Imagine Dragons маюць свой стыль, свой падыход. Мне здаецца, што галоўная фішка гурта ў эмоцыях, у энергетыцы — глядзіш на іх жывыя выступы і проста мурашкі па скуры, — адзначае адзін з вакалістаў гурту Арцём Лук’яненка. — У сваёй версіі мы хацелі зрабіць акцэнт на меладычнасць песні і беларускай мовы. Перакладаў на конкурс прыйшло шмат! Мы абралі варыянт Алены, бо ён добра пасаваў да музыкі. Да таго ж яна лепш за іншых патрапіла ў эмоцыю песні, у настрой. Натуральна, што мы нешта паправілі і дапрацавалі, але агулам яна зрабіла выдатную працу.

Нагадаем, ідэя акцыі ў тым, каб самі Imagine Dragons і прыхільнікі гурту ў розных краінах пачулі «Radioactive» на беларускай. Менавіта гэта кампазіцыя прынесла калектыву «Грэмі 2014» у намінацыі «Найлепшае рок-выкананне». Спасылку на відэа арганізатары мінскага канцэрта ўжо адаслалі ў ЗША мэнэджмэнту гурту.

Imagine Dragons (ЗША) у межах сусветнага турнэ «Smoke + Mirrors«

22 студзеня 2016 – «Чыжоўка-Арэна» – 19.00

Квіткі: трыбуны – ад 495 да 770 тыс. руб., танцпол – 800 тыс.руб.

Продаж: у касах Kvitki.by у Мінску і яшчэ 42 гарадах Беларусі http://www.kvitki.by/ru/cashiers/23, а таксама онлайн http://www.kvitki.by/ru/event/25928.

Інфалінія: (017) 293 03 74, (029) 199 60 66.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна