Жанр: біяграфічная драма
Рэжысёр: Дэні Бойл
У ролях: Майкл Фасбендэр, Сэт Роген, Джэф Дэніэлс, Кейт Уінслет, Майкл Стулбарг, Кэтрын Уотэрстан ЗША, 122 хв.
Адзнака: 7.

У аснове біяграфічнай драмы ляжыць гісторыя жыцця заснавальніка Apple Стыва Джобса. Сюжэт грунтуецца на трох знакавых прэзентацыях кампаніі, кульмінацыяй якіх стаў 1998 год— прэм’ерны паказ iMac. Ён дэманструе ўнутраную кухню Apple — прадвесніка будучай лічбавай рэвалюцыі, а таксама моманты асабістага жыцця Стыва Джобса — галоўнага чалавека ў кампаніі.

Сцэнар фільма заснаваны на кнізе Уолтара Айзексана «Стыў Джобс». Ааран Соркін, сцэнарыст «Сацыяльнай сеткі» (стужка 2010 года пра Марка Цукерберга, заснавальніка Facebook), стварыў сцэнар для фільма з трох частак. Яны ахопліваюць 14 гадоў жыцця Стыва Джобса, звязаных з выпускамі персанальных камп'ютараў: выхад Macintosh у 1984 годзе, NeXT у 1988-м і iMac у 1998-м.

Падзеі адбываюцца на дзвюх пляцоўках: у рэстаране (дзе ў Джобса бяруць інтэрв'ю) і гаражы (дзе ён распрацоўвае свае прадукты), з некалькімі флэшбэкамі, якія адсылаюць да важных падзей біяграфіі.

Рэжысёр фільма Дэні Бойл падтрымаў трохактавую структуру фільма: «Калі вы абмяжоўваецеся ключавымі момантамі, то можаце расказаць пра чалавека крыху больш». Акрамя таго, ён заявіў, што не імкнуўся зрабіць Майкла Фасбендэра, выканаўцу галоўнай ролі, копіяй Стыва Джобса: «Мы выкарысталі падчас здымак некалькі парыкоў і трохі змянілі колер яго вачэй, бо я хацеў, каб у яго быў той жа колер вачэй, што і ў трох актрыс, якія ігралі яго дачку Лізу. Вы павінны бачыць у ёй яго «працяг». Але ніякага накладнога грыму».

Кансультантам стужкі стаў былы бізнэс-партнёр Джобса Стыў Возняк, аднак прачытаць фінальную версію сцэнара ён адмовіўся з этычных меркаванняў. Фільм Бойла яму падаўся жывейшым за папярэдні баёпік пра Джобса, які выйшаў у 2013 («Джобс», у галоўнай ролі Эштан Кутчэр).

Аднак у амерыканскім пракаце фільм фактычна праваліўся. Ён аказаўся скіраваным на вузкую аўдыторыю абазнаных фанатаў і даволі панылым для шырокай публікі. Затое на фестывалях стваральнікі спадзяюцца атрымаць некалькі ўзнагарод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?