Віктара Марціновіча называюць адным з самых паспяховых беларускіх маладых творцаў. Яму 38, і ён дамогся поспеху ў шмат якіх сферах, зрабіўшы кар’еру ў журналістыцы, навуцы, пісьменніцкай справе.

За апошнія чатыры гады ён выдаў чатыры кнігі і пабачыў пераклады некаторых з іх на ангельскую, нямецкую і іншыя мовы. А нядаўна Віктар дадаў да свайго рэзюме яшчэ адзін радок: драматург. Ягоная п’еса «Найлепшае месца на свеце» была пастаўленая ў Вене.

Доктар філасофіі Віктар Марціновіч атрымаў акадэмічную ступень у Літве за сваё даследаванне віцебскага мастацкага жыцця пачатку ХХ стагоддзя, у якім працаваў у тым ліку славуты Марк Шагал. У цэнтры венскага спектакля Марціновіча — таксама твор мастацтва

(«Стары ў акне» — Alter Mann im Fenster), толькі ейны аўтар Самуэл ван Хогстратэн (Samuel van Hoogstraaten) нашмат менш вядомы за Шагала. Але гэта не нагода хаваць радасць ад таго, як спектакль сустрэла венская публіка:

«Калі я пабачыў, што тысячы ідуць адзін за адным у маю залу [дзе адбывалася пастаноўка — аўт.], — гэта было вельмі моцна», — кажа доктар Марціновіч. Спектакль «Найлепшае месца на свеце» паводле беларускага аўтара ў венскім музеі адбываецца адначасова з дванаццаццю іншымі невялікімі перформансамі. Усе яны натхнёныя карцінамі, на фоне якіх і праходзяць спектаклі.

Гэта «нешта кшталту ночы музеяў», — тлумачыць Марціновіч. Гледачы цягам некалькіх гадзінаў пераходзяць з залы ў залу, спыняючыся і слухаючы найбольш цікавыя ім творы, якія прадстаўленыя ў самых розных формах — ад оперы да імправізацый на піяніна. Вялікая канкурэнцыя, а таксама не вельмі спрыяльнае размяшчэнне «карціны Марціновіча» — яна завалялася недзе ў куце музея — адбіліся не ўзроўні пачатковай цікаўнасці да спектакля беларуса.

У пачатку восені 2015 г., калі пастаноўку паказалі ў Вене ўпершыню, не так шмат наведвальнікаў зацікавіліся тым, дзе ж хаваецца найлепшае месца на свеце. Але з часам пра твор пачалі пісаць і ўзгадваць у Аўстрыі. «Здарылася нешта нечаканае: людзі пачалі прыходзіць [на спектакль]», — кажа Марціновіч. У выніку па падліках аўтара, п’есу толькі за адзін вечар 16 снежня 2015 году пабачылі болей за тысячу гледачоў.

Венскі прарыў

Віктар Марціновіч — адзін з самых вядомых у Аўстрыі сучасных беларускіх творцаў. На нямецкую перакладзены першы раман аўтара «Параноя». Пакуль што апошні раман «Мова» таксама рыхтуецца да перакладу. Пісьменніцкая рэзідэнцыя Марціновіча ў Вене, якая дазволіла яму скончыць яшчэ адзін твор — пра Марка Шагала, лекцыі пра ўсё таго ж Марка — усё гэта дадае цікаўнасці да пісьменніка і мастацтвазнаўцы з Беларусі. Тым больш, прасунутыя аўстрыйцы ведаюць: у Беларусі могуць здарацца рэчы, якія ў іншых краінах Еўропы ўявіць вельмі цяжка. Напрыклад, забарона на выхад кнігі.

Вось і кіраўнік тэатральнай трупы і выканаўца галоўнай і адзінай ролі ў «Найлепшым месцы на свеце» Пітэр Вольф называе Марціновіча «вялікім талентам еўрапейскай літаратуры», а таксама тлумачыць для нямецкамоўных чытачоў, што сітуацыя ў Беларусі складаная, друкавацца там забаронена.

Таму, выглядае, беларуская публіка не хутка дазнаецца, дзе знаходзіцца найлепшае месца ў свеце (дарэчы, яно сапраўды існуе — кажа аўтар!). Творы Марціновіча беларускія тэатры ставіць не спяшаюцца.

«У мяне вельмі мала поспехаў у гэтай галіне. Я быў небаракам і лузерам, — сцвярджае Марціновіч. — Літаральна некалькі тыдняў таму праваліліся шматабяцальныя перамовы па пастаноўцы рамана «Мова» на сцэне беларускага тэатра. Мы ўзгаднілі ўсё, дамовіліся наконт цэн, і раптам — адмова. Я не ведаю, што там адбылося. Але я быў вельмі расстроены з-за гэтага, быў у пэўнай дэпрэсіі».

У Мінску я нікому не патрэбны

Віктар адмаўляецца назваць установу, што нечакана адмовілася ад яго твора, але кажа, што гэта быў яго любімы тэатр. Але няма ліха без дабра. Новых тэатральных сяброў Марціновіча з Вены вельмі зацікавіла іншая п’еса, якая была напісаная ім для мінскага Купалаўскага тэатра, але так у Купалаўскі і не трапіла. Цяпер яе перакладаюць на нямецкую мову, каб вызначыць ейны далейшы лёс.

«Я заўважаю, што ёсць месцы, у якіх у цябе ўсё атрымліваецца, а ёсць тыя — дзе ў цябе нічога не атрымліваецца. З Венай у мяне нейкае магічнае зялёнае святло гарыць», — кажа Марціновіч.

А вось з мінскай тэатральнай сцэнай у Марціновіча пакуль не клеіцца. З чым аўтар адначасова мірыцца і праз што троху дэпрэсуе, углядаючыся ў шэрае неба снежня 2015: «Я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь я буду пастаўлены на беларускай сцэне. Бо поспехі за мяжой – гэта як сон, які ніяк не ўплывае на будні. Вось я там пабываў, а цяпер я ў шэрым Менску, дзе я нікому не патрэбны. Дзе мяне ніхто не ведае. Для пэўнага тыпу творцаў гэта добра — быць незапатрабаваным. І я нават навучыўся не здзіўляцца гэтаму і не дэпрэсаваць».

«Але для таго каб сапраўды адчуць прысмак перамогі, трэба, каб гэтая перамога адбылася на тваёй зямлі. Каб я як Марк Шагал з’ехаў з Беларусі і жыў там у Вене, ці ў Парыжы, ці ў ЗША, я б мабыць радаваўся гэтым кропкавым поспехам больш шчыра. Але я жыву тут, пад гэтымі шэрымі нябёсамі. І пад гэтымі шэрымі нябёсамі я нікому не патрэбны. І я ад гэтага адчування крыху ўжо стаміўся».

Паводле сайта Музея гісторыі мастацтваў у Вене, болей паказаў спектакля «Найлепшае месца на свеце» пакуль не чакаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?