16:40

У працэсе абвешчаны перапынак да 9:30 заўтрашняга дня. 

15:50

Маці Касінерава распавяла, як хлопец змяніў прозвішча

Маці Вячаслава Касінерава абураецца тым, што сына збілі пры затрыманні і зламалі яму сківіцу. Невядома, як гэта адаб'ецца на здароўі хлапца, кажа жанчына. У яе таксама рабілі ператрус, усё перарылі. Сынам яна ганарыцца. Распавяла, чаму ён змяніў прозвішча. Узяў гістарычнае прозвішча Касінераў, не захацеў браць прозвішча бацькі, з якім пасварыўся пасля разводу бацькоў і падзелу кватэры.

Пасля маці ў якасці сведкі выклікалі бацьку Касінерава, Леаніда Тарошчына, але ён адмовіўся сведчыць, скарыстаўшыся правам блізкага сваяка. Цяпер суд вывучае пісьмовыя матэрыялы справы.

15:48

Пачаўся допыт сведак.

Ігар Часнок, індывідуальны прадпрымальнік. Супрацоўнічае з пацярпелым Русланам Масленнікавым. Яму паведамілі пра пашкоджаныя білборды ў раёне вуліц Рафіева і Гарэцкага, ён бачыў на білбордах плямы сіняй фарбы з падцёкамі. Дэмантаваў білборды і знайшоў пад імі кавалкі тонкага шкла, зафарбаваныя сіняй фарбай, а таксама цокалі лямпачак. Аддаў гэта разам з палатном банераў міліцыянтам.

Сведка Марыя Тарошчына — маці Вячаслава Касінерава. Распавяла, што спачатку сын працаваў у музеі, але там плацяць вельмі мала, 2,5 мільёны, таму ён уладкаваўся грузчыкам, каб больш зарабляць. У яго жонка і малая дачка. «Вельмі спакойны і добры малады чалавек, гісторык, шмат ведае і чытае, займаецца спортам».

15:46

Суддзя Скуратовіч знайшла ў справе заяву пацярпелага: «А гэта што?». Той патлумачыў, што гэта толькі заява, каб знайшлі і кампенсавалі страты. Усяго яму кампенсавалі 2 мільёны рублёў.

Пацярпелы паўтарыў, што не хоча, каб хлопцаў прыцягвалі да крымінальнай адказнасці.

14:49

Пачалі дапытваць пацярпелага — прадпрымальніка Руслана Масленнікава, які займаецца вонкавай рэкламай.

Пацярпелы патлумачыў, якім чынам на ягоных білбордах аказалася сацыяльная рэклама, — выявы міліцыянтаў. Паводле закона, калі няма рэкламы, можна зьмяшчаць сацыяльную рэкламу і з гэтага не бяруць падатак. У той момант была сацыяльная рэклама міліцыі, і ён яе скарыстаў.

14:48

Касінераў распавёў пра сваё затрыманне

«Яно адбывалася вельмі жорстка. Мяне затрымлівалі супрацоўнікі СОБРу, зламалі сківіцу, пасля месяц еў праз трубачку. Пісаў заявы, але нікога за гэта не пакаралі. Везлі ў кайданках на падлозе і не дазвалялі сесці. Чаму такая жорсткасьць?»

На гэта пракурор пытаецца, а як мусілі рэагаваць людзі на тое, што яны заплямілі білборды? Касінераў мяркуе, што заплямленыя білборды ніхто не заўважыў.

14:40

Пачаўся допыт Вячаслава Касінерава. Ён дае тлумачэнні па эпізодзе аб закідванні лямпачкамі з фарбай сацыяльных банераў з выявамі міліцыянтаў.

Хацелі спачатку закідаць расісцкія надпісы, падрыхтаваліся, але не знайшлі тое месца, якое было пазначана ў інтэрнэце і таму, убачыўшы банеры з выявамі міліцыянтаў, вырашылі іх закідаць:

«У нас былі пэўныя прэтэнзіі, недавер да міліцыі. Кідалі абодва, хто ў які патрапіў, не памятаю, я мяркую, што патрапіў». Паводле Касінерава, усяго было 6 лямпачак, ён дакладна кідаў 2, а колькі кідаў Жаромскі, не памятае. Пасля гэтага селі на ровары і, праехаўшы метраў 100, заўважылі такі самы білборд».

14:25

У перапынку на судзе былі павялічаныя захады бяспекі, відаць, у сувязі з дэманстрацыяй на працэсе банера супраць палітычных рэпрэсіяў.

Цяпер усіх мужчын, якія ідуць на працэс, уключна з абвінавачанымі, даглядаюць больш пільна і патрабуюць задраць кашулі ды паказаць, што пад імі. Шукаюць новыя банеры.

13:25

Затрыманыя актывісты, які разгарнулі ў судзе транспарант супраць палітычных рэпрэсій у судзе, — Павал Сяргей і Максім Шыцік. Даведацца пра іх лёс пакуль не атрымліваецца. Іх тэлефоны не адказваюць.

13:00

На працэсе абвешчаны перапынак да 14 гадзінаў.

12:56

Пракурор: Адкуль вы вырашылі, што сімвалы «кніга, гантэля і бусел» азначаюць веды, сілу і Беларусь?

Пякарскі: Бо гэта агульнавядомыя сімвалы, яны ўсім зразумелыя. Беларусь мусіць развівацца на глебе ведаў, здароўя і любові да Бацькаўшчыны. Падсудны адмаўляе, што ён фатаграфаваў свае малюнкі і выкладаў іх у інтэрнэт. Паводле Пякарскага, не рабіў гэтага і Жаромскі.

12:52

Максім Пякарскі патлумачыў, што малюнак «Беларусь мусіць быць беларускай» яны намалявалі на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі на вуліцы Альшэўскага. Убачылі гэта месца, што там нікога няма і нікому гэта не пашкодзіць, таму вырашылі там маляваць. Падрыхтавалі фарбы, пэндзлі, у два этапы намалявалі: спачатку фон, потым надпіс і малюнкі. «Калі заканчвалі маляваць фон, убачылі чалавека, які выгульваў сабаку, вырашылі, каб яму не перашкаджаць, спыніць працу. На наступны дзень працягнулі і скончылі».

12:50

Максім Пякарскі адказвае па-беларуску. Пякарскага ягоныя сябры называюць добрым мастаком. Ён пра сяброў кажа, што заўсёды быў з імі ў добрых адносінах. Сваёй віны Пякарскі не прызнаў ні па адным з 2 эпізодаў. «Максімум — гэта адміністрацыйнае парушэнне».

12.40

На пытанне пракурора, што азначае бутэлька з запальнай вадкасцю, якую збіраецца кідаць чалавек, на графіці хлопцаў, Жаромскі адказаў: «Гэта не бутэлька з запальнай вадкасцю, а бутэлька з алкаголем. Тут сэнс у тым, што трэба кідаць шкодныя звычкі, каб захаваць здароўе».

Жаромскі расказвае, што на іх графіці былі малюнкі кнігі, гантэлі, бусла, беларускі арнамэнт — сімвалы ведаў, здаровага ладу жыцця і Беларусі.

12.35

Пракурор спытаўся, ці малюе Жаромскі на сценах у сябе дома. «Не», — кажа Жаромскі. Але на той сцяне яны хацелі зафарбаваць надпісы неанацысцкага зместу, расказвае ён.

Што да білборда з выявай міліцыянтаў, то абвінавачаныя закідалі яго лямпачкамі. Яны ўзялі лямпачкі, адкруцілі цокалі, залілі ўнутр сіняй фарбы, заляпілі адтуліну пластылінам. матыў сваіх дзеянняў Жаромскі патлумачыў так: дзесяць год назад яго затрымала міліцыя і несправядліва з ім абышлася. 

12.35

Максім Пякарскі: «Малюнкамі мы палепшылі выгляд тых будынкаў».

12.30

Уласнік білборда індывідуальны прадпрымальнік Масленнікаў не мае прэтэнзій да абвінавачаных. Ён хадайнічаў, каб суд не караў абвінавачаных пазбаўленнем волі.

12.20

Усе тры графіцісты не прызналі сваю віну.

Вадзім Жаромскі: Я рабіў гэта, але не прызнаю кваліфікацыі. Мы ніякай шкоды нікому не нанеслі.

Суд адмовіў графіцістам у просьбе весці працэс па-беларуску.

12.00

Працэс у «справе графіцістаў» распачаўся ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Перад судом паўсталі Максім ПякарскіВадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў, аўтары графіці «Рэвалюцыя свядомасці» і «Беларусь мае быць беларускай». Міліцыя зачапілася за тое, што на адным з іх графіці была постаць юнака з чымсьці, што нагадвае кактэйль Молатава.

Хоць графіці тыя з'явіліся на непрыгожых сценах і былі высокамастацкімі, юнакоў арыштавалі, распачалі крымінальную справу. Выпусцілі іх з СІЗА толькі пад ціскам грамадскай думкі.

Сённяшні суд пачаўся з дэмаршу аднаго з прысутных. Хлопец скандаваў «Не палітычным пераследам» і «Мастацтва не злачынства». «Гэта не суд, гэта цырк», — гукнуў хлопец голасам, што дрыжаў ад хвалявання. Суддзя загадала вывесці яго з залы.

Фота Уладзя Грыдзіна.

Фота Уладзя Грыдзіна.

Вось гэты эпізод на відэа «Нашай Нівы».

Нагадаем, што 11 жніўня спецназ жорстка затрымаў пяцёх хлопцаў: трох з іх арыштавалі, дваіх адпусцілі. Акрамя графіці, хлопцаў падазравалі ў пашкоджанні фарбай сацыяльнага білборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

Экспертыза надпісаў, як распавялі журналістам самі абвінавачаныя, не знайшла ў іх прыкмет экстрэмізму.

«Наша Ніва» валодае кадрамі, якія зробленыя за 5 дзён да затрымання хлопцаў, — на відэа працэс стварэння графіці «Рэвалюцыя свядомасці».

Глядзіце самі. 

Графіцістаў абвінавацілі ў хуліганстве, учыненым групай асоб. Іх будуць судзіць таксама за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?