15 красавіка на незалежнай сцэнічнай пляцоўцы ў Палацы мастацтваў адбылася прэм'ера першага беларускага спектакля, пастаўленага на народныя грошы. Рэжысёр Аляксандр Марчанка натхніўся аднайменнай п'есай Віталя Каралёва «Опіум» і прагназуе, што гэтая пастаноўка можа змяніць рэальнасць беларускай тэатральнай прасторы.

Стваральнікі называюць яго «самым шчырым спектаклем года». Час пакажа, ці гэта сапраўды так; але ўжо можна сказаць, што гэтая пастаноўка зроблена па «самай шчырай п'есе» года. Яе аўтар – малады беларускі драматург Віталь Каралёў. Новая п'еса «Опіум» ужо сабрала найлепшыя водгукі сярод крытыкаў, якія назвалі яе «жывой» і «не па-беларуску шчырай».

Спектакль пра тое, як вайна ва Украіне і яе наступствы ўплываюць на беларускае грамадзтва ўвогуле і на свядомасць кожнага паасобку. І пра тое, што вайна ў галовах, на кухнях і прыпынках транспарту значна страшнейшая, чым у зоне сапраўдных баявых дзеянняў. Гэтую тэму немагчыма ўявіць сабе ў дзяржаўных тэатрах, таму была выбрана альтэрнатыўная пляцоўка. На краўдфандынгавай платформе «Вулей» www.ulej.by за некалькі месяцаў сабралі сумму, неабходную для дэкарацый, касцюмаў ды іншых патрэб. Праект прафінансавалі 136 чалавек.

Андрэй Курэйчык, драматург, рэжысёр: «Распавядаць праўду і ў тэатры, і ў кіно неабходна. А на праўду грошай у міністэрствах не даюць. Шчырасць і праўда патрэбны самім гледачам, каб заставацца свабоднымі людзьмі»

Спектакль разлічаны на ўзроставую катэгорыю 18+.

«Калі я пісаў гэтую п'есу, я не абмяжоўваў сябе самацэнзурай, унутранымі забаронамі», — кажа Віталь Каралёў. «Пісаў, не спадзяючыся, што гэта будзе пастаўлена. Увогуле я супраць мату на сцэне, але тут ненарматыўная лексіка дарэчы. Калі б яе там не было, я б не змог сказаць, што быў шчыры з сабой».

На папярэдні паказ і прэм'еру білеты не прадаваліся, спектакль паказваецца выключна для людзей, якія яго прафінансавалі. Адсачыць, калі і дзе можна будзе пабачыць гэтую пастаноўку, можна на старонцы Цэнтра візуальных ды выканаўчых мастацтваў Арт-Карпарэйшн, які таксама падтрымаў праект.

Акцёры спектакля: Максім Брагінец, Арцём Курэнь, Антон Жукаў, Ганна Семяняка, Юліана Міхневіч. Рэжысёр Аляксандр Марчанка. Мастак Андрэй Жыгур.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?