Жыхары Масюкоўшчыны сабралі 2.700 подпісаў супраць ушчыльнення забудовы мікрараёна ў рамках грамадскага абмеркавання праекта дэталёвага планавання (ПДП) у межах вуліца Лынькова — вуліца П.Глебкі — праезд Масюкоўшчына — камунальная зона.

Як паведаміў каардынатар кампаніі «Генплан — для мінчан!» Дзяніс Кобрусеў, калектыўны зварот і подпісы былі накіраваныя 21 красавіка ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна Мінска, камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама і УП «Мінскграда».

Грамадскае абмеркаванне праекта праходзіла з 28 сакавіка па 21 красавіка. Згодна з праектам, вынесеным на абмеркаванне, планавалася павялічыць жылую тэрыторыю з 23,7 да 60,6 га, колькасць жыхароў павінна вырасці з 8,4 тыс. да 17,6 тыс., запланаванае будаўніцтва трэцяга транспартнага кальца паміж вуліцамі П.Глебкі і Цімашэнкі, а таксама павелічэнне тэрыторыі вытворчай зоны.

Жыхары мікрараёна выступілі супраць планаў гарадскіх уладаў і ў калектыўным звароце прапануюць іх змяніць. У прыватнасці яны заклікалі: зменшыць аб'ёмы забудовы жылога і грамадскага фонду, запланаванага да размяшчэння на тэрыторыі ў межах ПДП; выключыць трэцяе транспартнае кальцо паміж вуліцамі П.Глебкі і Цімашэнкі, у тым ліку развязку на вуліцы Цімашэнкі; выключыць запраектаваныя вуліцы, якія павінны прайсці цераз жылыя кварталы, а таксама не пашыраць вуліцу Лынькова; выключыць ўшчыльненне сфармаваных жылых кварталаў 16-павярховымі дамамі. Яны таксама прапануюць не павялічваць тэрыторыю вытворчай зоны, а новыя вытворчыя аб'екты будаваць у межах ужо існай прамзоны і не пераводзіць жылыя дамы ўздоўж чыгункі ў адміністрацыйныя.

«У першую чаргу абурыў падыход арганізатараў да падрыхтоўкі грамадскага абмеркавання, склалася ўражанне, што арганізатары хацелі правесці кулуарнае абмеркаванне праекта, не прыцягваючы ўвагі жыхароў мікрараёна. Пры дэталёвым разглядзе эскіза праекта былі выяўленыя істотныя парушэнні архітэктурна-будаўнічых нормаў», — лічыць удзельнік ініцыятыўнай групы Аляксандр Бахар.

«Склалася ўражанне, што распрацоўшчыкі гэтага праекта не наведвалі мікрараён пры правядзенні праектных работ. Такім чынам, пададзены ў такім выглядзе праект не можа разглядацца як перспектыўны і патрабуе дэталёвай перапрацоўкі ў адпаведнасці нарматыўнымі дакументамі. Для таго каб распрацаваць гэты праект, былі выдаткаваныя бюджэтныя сродкі, атрыманыя ў тым ліку з падаткаў, што выплачваюць жыхары мікрараёна. Зараз жыхарам даводзіцца марнаваць свой асабісты час для таго, каб збіраць подпісы і хадзіць па інстанцыях, даказваючы відавочную неабгрунтаванасць гэтага праекта», — адзначыў актывіст.

На думку Кобрусева, «грамадскае абмеркаванне і рэакцыя мясцовых жыхароў на планы гарадскіх уладаў паказалі, што практыка праектавання развіцця гарадскіх тэрыторый без папярэдняга уліку меркавання мясцовых жыхароў, іх інтарэсаў і пажаданняў часта прыводзіць да канфліктаў і супрацьстаяння гараджан і гарадской адміністрацыі. І каб горад быў зручным і камфортным для жыцця гараджан, гэтую практыку трэба мяняць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?