Супрацоўнікамі аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Партызанскага РУУС Мінска пры сілавой падтрымцы спецпадраздзялення МУС «Алмаз» затрыманы 49-гадовы доктар-рэаніматолаг, які займаўся распаўсюджваннем псіхатропных рэчываў.

Як паведамілі ў Партызанскім РУУС сталіцы, падазраваны арганізаваў канал пастаўкі медыцынскіх прэпаратаў, забароненых для продажу без рэцэпту, з Польшчы ў Беларусь. Мужчына перавозіў медыкаменты на сваім уласным аўтамабілі, не маючы на іх дакументаў. Падчас затрымання ў яго было канфіскавана 4400 таблетак і 625 ампул небяспечнага псіхатропнага рэчыва «Дыязепам», 90 таблетак і 115 ампул небяспечнага псіхатропнага рэчыва «Трамадол». Падазраванага затрымалі на ўездзе ў Мінск пасля паездкі ў Польшчу.

Мужчына з 1994 года працаваў на пасадзе доктара-рэаніматолага ў адной са сталічных бальніц. Раней судзімы не быў.

«У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў), — распавяла намеснік начальніка Партызанскага РУУС падпалкоўнік міліцыі Наталля Каляда. — Яму пагражае тэрмін пазбаўлення волі да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі маёмасці».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?