Новая канстытуцыя Турэцкай Рэспублікі будзе мець выключна свецкі характар. Пра гэта заявіў прэм'ер краіны Ахмет Давутаглу, паведамляюць інфармагенцтвы.

«Секулярызм будзе прысутнічаць у новай канстытуцыі як прынцып, які гарантуе права грамадзяніна на выбар веравызнання і які гарантуе роўную адсунутасць дзяржавы ад усіх рэлігійных груп», — сказаў турэцкі прэм'ер.

Такая заява стала свайго роду адказам на заклік спікера парламента Ісмаіла Кахрамана замяніць дзеючую свецкую канстытуцыю на рэлігійную. Ён аргументаваў сваю пазіцыю тым, што Турцыя — краіна мусульманская, а значыць, павінна мець рэлігійную канстытуцыю.

Такі асабісты пункт гледжання палітыка выклікаў хвалю абурэння ў палітычных апанентаў дзеючай улады, што прывяло да пратэстных акцый у Анкары і Стамбуле.

Цяперашняя канстытуцыя Турцыі была прынятая ў лістападзе 1982 года. Цяпер кіруючая Партыя справядлівасці і развіцця працуе над тэкстам новага асноўнага закона і да лета разлічвае перадаць яго ў парламент для абмеркавання.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна