Сёньня Лукашэнка даў інтэрвію "Рэйтэр". Мяркуючы па тых фрагмэнтах, што падалі беларускія крыніцы, сэнсацыяў не прагучала.

Хтосьці, напэўна, адразу падумаў, што гэта лорд Бэл сасватаў аўтарытэтную брытанскую агенцыю. Можа так, а мо' й не. Нагадаю: год таму, задоўга да таго, як лорд прапанаваў піяраўскія паслугі, беларускі афіцыйны кіраўнік ўжо даваў інтэрвію "Рэйтэр". Лукашэнка ўвогуле быў нарасхват: замежныя мэдыі сьпяшаліся зь першых вуснаў пачуць пра сварку з Расеяй і намер разгарнуць дыялёг з Захадам. Камэнтатары наперабой казалі пра новы трэнд.

Тады беларускі кіраўнік наўпрост заявіў пра "імпэрскія замашкі" Расеі і запэўніў, што эканамічны ўдар з усходу — рэзкае падвышэньне коштаў на энэрганосьбіты — Беларусь вытрымае. Сёньня Лукашэнка выказаўся падобным чынам, камэнтуючы стасункі з Вашынгтонам: ""Палохаць нас санкцыямі ня трэба, мы выжывем".

Як бачым, у выпадку замежнай палітыкі афіцыйнага Менску ўсе "трэнды" — гэта ня болей як ваганьні ківача. Масква прыціснула — пачынаюцца гульні з Захадам. Масква дала крэдыт і недарагі газ, зьявілася надзея атрымаць дывідэнды на "асымэтрычным адказе" заакіянскім імпэрыялістам — і вось ужо дзядзька Сэм атрымлівае анучай па твары.

Пытаньне ў тым, ці вялікі яшчэ рэсурс гэтай маятнікавай палітыкі. Мяркуючы па сёньняшнім інтэрвію, у тутэйшага кіраўніцтва застаецца, у прыватнасьці, надзея згуляць на прагматызьме Эўразьвязу ("Мы гатовы з вамі прайсьці па любым шляху дзеля таго, каб палепшыць нашы адносіны"), хаця і Брусэлю вялікіх абяцанак беларускі бок не дае. Паводле БЕЛТА, "гаворачы аб шляхах далейшага паляпшэньня дачыненьняў Беларусі з ЭЗ, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў: "Гэта пытанне да Эўрапейскага зьвязу, а не да мяне…". Карацей, мяч дзяжурна перакідаецца на бок Эўропы.

Новы тур гульняў з Захадам можа актывізавацца пад канец году, калі прэзыдэнт Мядзьведзеў (ці дзьвюхгаловы "Пуцьведзеў") выявіць цьвёрдасьць у пераходзе на рынкавыя кошты энэрганосьбітаў для Беларусі. Тады мы і ўбачым чарговы трэнд. Трэнд ківача.

ЗЫ. Тым часам сталі вядомыя яшчэ некаторыя выказваньні Лукашэнкі ў інтэрвію для "Рэйтэр". Зь іх вынікае, што, магчыма, некалькіх апазыцыянэраў увосень прапусьцяць у Палату. Вось вам будзе і гульня ў адлігу. Ну а вось у чым няма ваганьняў, дык у гэтым: "Калі сытуацыя будзе такой, як зараз, і са мной асабіста, і ў краіне, то я, зразумела, буду балятавацца на чарговы тэрмін... Разьлічвайце на горшае" (апошняя рэмарка, трэба разумець, адрасаваная ўсяму гнілому Захаду ў асобе прадстаўнікоў "Рэйтэр":)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?