На вуліцы Казлова зноў рамантуюць трамвайныя шляхі. Таму да 2 чэрвеня трамваі праз праспэкт Незалежнасьці (б. Скарыны) хадзіць ня будуць.

«Адзінка» ад плошчы Мясьнікова будзе хадзіць толькі да разваротнага кальца на плошчы Зьмітрака Бядулі.

Тамсама будзе разварочвацца і 6‑ы маршрут зь Серабранкі.

З боку Зялёнага Лугу застаўся толькі 5‑ы маршрут, а № 3, 4, 8, 10, 11 да лета спынілі існаваньне.

Зьвязвае «адзінку» ды «шасьцёрку» зь «пяцёркай» часовы аўтобусны маршрут № 152, які ходзіць ад Платонава, заварочвае на Чапаева, пасьля на Зьмітрака Бядулі, адтуль па Казлова, Машэрава (б. Варвашэні), з разваротам па вуліцах Куйбышва, Харужай і Чырвонай і назад па Казлова да Платонава . Езьдзіць на ім можна як па аўтобусных, так і па трамвайных праязных.

Аднак блізкі шлях можа аказацца доўгім: Казлова ды Чырвоная славяцца сваімі заторамі. Як варыянт, можна перасесьці з трамваю на мэтро з прыпынкаў ля Трактарнага заводу, унівэрмагу «Беларусь», чыгуначнага вакзалу, ліцэю БДУ ды плошчы Якуба Коласа.

У Паўночным пасёлку да канца траўня таксама зьмены: аўтобусы ходзяць у аб’езд вуліцы Несьцерава па вуліцах Ангарскай, Арцёма, Іркуцкай, Байкальскай і Алтайскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0