Дэбютнік ужо досыць вядомай каманды мог бы даць падставы казаць пра нараджэньне чарговай поп‑рок‑зоркі калібру beZ Bileta або «Крамбамбулі», каб не малая ўцямнасьць іх творчай канцэпцыі.

Невядома чаго чакаць ад гурту, які імкнецца адначасова на «Басовішча» і на «Эўравізію», які прадукуе песьні фармату «Русского радио» (слухаем «Мечтай со мной») і вершаваную салянку зь вершаў Купалы, Гаруна ды Броўкі. Гэты трэк пэўна і можна назваць разынкай альбому — Dali гэта самі назвалі «паэтычным фанкавым міксам».

Калі не заганяцца — выглядае прывабна: Віктар рытмічна прагаворвае «Ты мой брат, каго зваць беларусам», у другім куплеце — «А хто там ідзе», а ў прыпеве саладжавенька зацягвае «Пахне чабор».

Але далей слухача ізноў чакае суцэльная няўцямнасьць — пару рэміксаў ды ангельскамоўны трэк «Silver Sky», зь якім «далійцы», відаць, будуць прабівацца на «Эўравізію» ад Польшчы.

Dali маюць глузды, засталося толькі знайсьці стрыжань. Пакуль жа — іх творчыя памкненьні скіраваныя ў нікуды.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0