Намеснiца старшынi незарэгiстраванага «Маладога фронту» Наста Палажанка атрымала адказ з Мiнiстэрства ўнутраных спраў на зварот з патрабаваннем растлумачыць, чаму дзяўчына ўнесена ў «спiс невыязных».

Нагадаем, уначы 4 красавiка Насту высадзiлi з цягнiка, што накiроўваўся ў Варшаву, на падставе таго, што на непаўналетнюю маладафронтаўку быццам бы заведзена другая крымiнальная справа, якая ўжо знаходзiцца на разглядзе ў пракурора. З гэтай нагоды дзяўчына нiбыта i была занесена ў «спiс невыязных», i ёй было забаронена пакiдаць межы Беларусi.

На наступны дзень Наста напiсала заяву з просьбай патлумачыць, што гэта за справа, хто i калi яе завёў i чаму яна наогул нi пра якую справу супраць сябе не ведае.

«Звесткi аб узбуджэннi крымiнальных спраў у 2008 годзе ў адзiным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях адсутнiчаюць, — гаворыцца ў адказе МУС. — Вашы пашпартныя даныя выключаны з ведамаснага банка даных МУС аб грамадзянах РБ, права якiх на выезд за мяжу часова абмежавана, таму што яны былi памылкова змешчаны ў банк у сувязi са збоем у працы праграмна‑апаратнага комплексу. МУС Беларусi прыносiць Вам свае прабачэннi».

Трэба адзначыць, што адказ Мiнiстэрства ўнутраных спраў напiсаны па‑беларуску.

«Безумоўна, гэты крок добра спланаваны, — каментуе адказ з МУС Наста Палажанка. — У гэты дзень у Варшаве я павiнна была мець шэраг важных сустрэч, звязаных з дзейнасцю «Маладога фронту», якiя, пэўна, не былi выгадныя ўладам, таму смешна нават меркаваць пра нейкi тэхнiчны збой. Я параюся з юрыстамi i, магчыма, буду падаваць у суд на МУС з патрабаваннем маральнай кампенсацыi: нельга спакойна прымаць тое, што ў дзве гадзiны ночы мяне, непаўнагадовую дзяўчыну, незаконна здымаюць з цягнiка i вымушаюць адну правесцi ноч на вакзале ў чужым горадзе. Тым больш нельга быць упэўненай, што ў наступны раз у «праграмна‑апаратным комплексе» нечакана не здарыцца збой i мяне зноўку не павярнуць на мяжы».

mfront.net via Народная воля

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0