Байкот застаецца больш складанай для ажыцьцяўленьня тактыкай, чым удзел. Піша Віталь Тарас.

Беларусь апошнім часам нярэдка параўноўваюць з Зымбабвэ. Не ў парадку іроніі, а проста таму, што паводле індэксаў, якія складаюць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, абедзьве краіны стаяць, як правіла, побач. Можна па‑рознаму ставіцца да тых індэксаў, але факт палягае на тым, што вось ужо больш за дваццаць гадоў зымбабвійская апазыцыя ня можа перамагчы на выбарах прэзыдэнта Робэрта Мугабэ і ягоную партыю.

Між іншага, Зымбабвэ — прэзыдэнцкая рэспубліка з дзьвюхпалатным парлямэнтам. І вось мэханізм аўтарытарнай улады ўпершыню даў збой: на выбарах у ніжнюю палату выбарчыя камісіі зь нейкіх прычынаў не змаглі, як звычайна, сфальшаваць вынікі галасаваньня. Апазыцыя заваявала большасьць месцаў у парлямэнце, а яе лідэр Морган Цвангіраі на прэзыдэнцкіх выбарах апярэдзіў Робэрта Мугабэ. Гэта яшчэ ня значыць, што ў другім туры, прызначаным на канец чэрвеня, апазыцыйны кандыдат атрымае перамогу. 84‑гадовы прэзыдэнт, поўны сіл і энэргіі, клянецца сарваць «злачынную змову прадажнай апазыцыі і брытанскіх імпэрыялістаў». Рэпрэсіі супраць апазыцыі набіраюць моц. Цвангіраі баіцца вяртацца ў краіну з паездкі ў Лёндан праз рэальную пагрозу фізычнай расправы над ім. Але галоўнае палягае на тым, што тамтэйшая апазыцыя прычакала свайго шанцу і змагаецца да канца — замест таго, каб байкатаваць выбары.

Другая ліга

Дарэчы, варта адкінуць старыя стэрэатыпы, у тым ліку, што да «чорнай Афрыкі». У апошнім рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь заняла 144‑е месца ў сьвеце. А, напрыклад, экватарыяльная краіна Бэнін — 26‑е, адразу ўсьлед за Паўднёва‑Афрыканскай Рэспублікай. Яны апярэдзілі такія эўрапейскія дэмакратыі, як Італія, Гішпанія, Польшча…

ПАР, як вядома, выпаў гонар правесьці футбольны чэмпіянат сьвету 2010 году.

У нейкай меры сытуацыю ў палітыцы можна параўнаць з сытуацыяй у футболе.

Яшчэ нядаўна гульня зборнай Нігэрыі на чэмпіянаце сьвету выклікала сэнсацыю. Потым захапленьне заўзятараў выклікалі футбалісты Камэруну. А цяпер ня тое што Сэнэгал з Кот‑д’Івуарам, амаль усе афрыканскія краіны ўспрымаюцца спаборнікамі ўсур’ёз у сусьветным футболе. (Праўда, у гэтым працэсе ёсьць і адваротны бок. Нядаўна блогі абышоў фатаздымак.

На адным — зборная Францыі 1958 году, дзе ўсе гульцы белыя. І зборная нашых дзён — ніводнага белага ў камандзе. Але гэта крыху іншая тэма.)

Зразумела, паміж футболам і дэмакратыяй — дыстанцыя гіганцкага памеру. Але ж Беларусь, на жаль, і ў пляне дэмакратыі, і ў пляне футболу застаецца ў другой, а то і трэцяй лізе. (У Зымбабвэ і ў некаторых іншых краінах выкарыстоўваюцца празрыстыя скрыні для галасаваньня, а назіральнікі ад апазыцыі маюць права назіраць працэс падліку галасоў ад пачатку да канца. Адна такая інавацыя каштавала б, дальбог, усіх дэмакратычных зьменаў, прапанаваных для ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства РБ.)

Папулярны некалі лёзунг «галоўнае не перамога, а ўдзел» у палітыцы ня дзейнічае. Ён нават і ў спорце лічыцца сьмешным. Бо існуе такая рэч, як матывацыя. Калі ставіць перад сабой задачу ўдзельнічаць у выбарах выключна з мэтай «інфармаваць насельніцтва», дык вынік будзе такі, які мы бачылі на апошніх выбарах у мясцовыя саветы Беларусі. І наадварот, калі ставіцца мэта перамагчы (хай нават на ўзроўні лёзунгу), як гэта было на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, улада пачынае нэрвавацца, тушавацца і рабіць памылкі.

Што ж тычыцца ідэі байкоту, якая вылучаецца кожнага разу перад чарговымі выбарамі, яе ініцыятараў эмацыйна зразумець можна. Калі выбары несвабодныя, несправядлівыя і непразрыстыя — значыць, далоў такія выбары! Але ж палітычныя партыі, калі яны прэтэндуюць на тое, каб звацца партыямі, ня могуць ня ўдзельнічаць у барацьбе за галасы выбарцаў. Хоць і не павінны толькі гэтым абмяжоўвацца.

Работа над памылкамі

З другога боку, ініцыятары байкоту павінны разумець, як мінімум, адну рэч. Байкот — гэта тая самая выбарчая кампанія, толькі зь іншым знакам. Тут таксама патрэбная барацьба за выбарцаў. Ці гатовыя аўтары ідэі байкоту правесьці сапраўдную масавую кампанію — ня меней, а можа быць, і болей складаную, чым выбарчая? Кампанію, якая патрабуе дадатковых арганізацыйных і псыхалягічных высілкаў, паколькі спробы байкоту, натуральна, будуць выклікаць рэпрэсіі з боку ўладаў. Магчыма, прыхільнікі ідэі байкоту і гатовыя пайсьці, што называецца, ад дзьвярэй да дзьвярэй, каб тлумачыць выбарцам, чаму ім ня трэба галасаваць. Некаторыя актывісты, напэўна, гатовыя да затрыманьняў, штрафаў, звальненьняў. Самаахвярнасць — вялікая сіла ў палітыцы. Але яна, на жаль, не перадаецца з рук у рукі, падобна ўлёткам. Пераканаць жа большасьць насельніцтва ў тым, што трэба падтрымаць байкот толькі таму, што яго прыхільнікаў караюць — задача даволі дзіўная.

Існуюць, вядома, розныя формы байкатаваньня. У тым ліку і пасіўныя. Можна не ісьці на выбары, можна прагаласаваць супраць усіх, можна сапсаваць выбарчы бюлетэнь, можна забраць яго з сабой. Гэта пералік некаторых пратэстных мэтадаў, прыдуманых за апошні час. Які палітычны вынік яны даюць — можна меркаваць хоць бы на прыкладзе апошніх выбараў у расейскую Думу.

Справа ў тым, што любая форма галасаваньня альбо няўздзелу ў ім ня можа паўплываць на ягоныя вынікі ва ўмовах, калі падлік галасоў ад простых выбарцаў не залежыць і зусім не цікавіць начальства. (Нездарма ў Беларусі выбарчыя бюлетэні пасьля выбараў зьнішчаюць.) І таму выбар ператвараецца ў індывідуальную справу выбарца. Якога, дзякаваць Богу, пакуль яшчэ не пазбавілі падмурковага права на тайну галасаваньня. А для таго, каб падштурхнуць кожнага зрабіць выбар, патрэбная доўгая і сумная праца. Патрэбныя ня тысячы, дзясяткі тысяч сустрэчаў з выбарцамі штодня. Трэба ўпарта і дасьціпна тлумачыць (у тым ліку і самім сабе) за што і чаму трэба галасаваць альбо не галасаваць. І пад якімі лёзунгамі апазыцыя ідзе (ці не ідзе) у палату прадстаўнікоў. А для пачатку трэба, прынамсі, гэтыя лёзунгі мець.

І тады я, як шараговы абываталь, змагу зрабіць свой усьвядомлены выбар.

Калі, зразумела, некага цікавіць мой голас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0