Услухацца ды пачуць увесь калярыт таго ці іншага інструмэнту ды паспрабаваць злавіць кампазытарскую фантазію.

Складанка твораў адных з самых яскравых прадстаўнікоў айчыннай сымфанічнай і камэрнай музыкі.

Афіцыйна выдадзены дыск такой музыкі — рэдкасьць надзвычайная. У гэтай плыні сытуацыя такая, як зь беларускім незалежным рокам канца 1980‑х: запісы недзе ёсьць, але ў музычных крамах іх ніхто ня бачыў.

У складанку ўвайшлі творы тых, хто стаяў ля вытокаў ці ўваходзіць у Беларускае таварыства сучаснай музыкі. Гучаць тут і гітара з саксафонам (творы Зьмітра Лыбіна і Яўгена Паплаўскага), і арфа з арганам (Мікола Стома, Ганна Кароткіна).

Творы — розных часоў: славутыя «Повязі для флейтаў» Стомы, датаваныя 1989 годам, а сюіта для аргану «Францыск» Кароткінай — з 2004 году.

Услухацца ды пачуць увесь калярыт таго ці іншага інструмэнту ды паспрабаваць злавіць кампазытарскую фантазію — вось дзеля чаго варта слухаць гэты дыск.

Ён пасуе пад своеасаблівы настрой — калі хочацца пабыць на самоце, абстрагавацца ад вонкавага сьвету, але не прыгнятацца цішынёю. Нельга не адзначыць цудоўнага аздабленьня дыску аўтарства Андрэя Бурсава.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0