Фота 4esnok.by.

Фота 4esnok.by.

Пра гэта піша 7 ліпеня Reuters са спасылкай на ананімную высокапастаўленую крыніцу ў энергетычнай галіне Расіі. Такім чынам, растлумачыла крыніца, Аляксандра Лукашэнку «караюць за яго падладжаванне да Захаду і крытычныя заўвагі на адрас Расіі».

Згодна са звесткамі Reuters, з ліпеня расійскі манапаліст у галіне нафтавай транспарціроўкі кампанія «Транснефць» пастаўляе ў Беларусь прыкладна на 40% менш нафты, чым у другім квартале гэтага года.

Звычайна Расія пастаўляе ў Беларусь крыху больш за 20 млн. тон нафты ў год, удакладняе агенцтва.

Апошнім часам Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра неабходнасць паляпшэння стасункаў Беларусі з Захадам. Напрыклад, выступаючы 22 чэрвеня на Усебеларускім народным сходзе, ён адзначыў, што трэба наганяць упушчанае ў адносінах з Еўрасаюзам і ЗША.

«Адмова ад санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі адкрывае новыя магчымасці ў развіцці ўзаемадзеяння, і было б грэх гэтым не скарыстацца. Нам, па вялікім рахунку, трэба наганяць упушчанае і выйсці для пачатку на той узровень адносін з Еўрасаюзам і ЗША, які існуе ў нашых партнёраў па ЕАЭС і СНД — у той жа Расіі, Арменіі, Казахстане», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што «ключавой задачай на перспектыву» з'яўляецца «поўная нармалізацыя адносін і выхад на заключэнне базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўразвязам».

У чэрвені ў Расіі загаварылі пра скарачэнне паставак нафты ў Беларусь. Гэты працэс з'яўляецца «кампенсацыяй даходаў, якія выпадаюць, ад недапастаўленых ў Расію нафтапрадуктаў, што беларускі бок павінен вяртаць ва ўзгодненых аб'ёмах», заявіў журналістам 16 чэрвеня прэзідэнт «Транснефці» Мікалай Токараў.

Ён паведаміў, што аб'ём транспарціроўкі нафты ў Беларусь у трэцім і чацвёртым кварталах 2016 года можа быць зніжаны на 5 млн. тон.

«Транснефць» абвясціла, што ад 1 ліпеня скарачае пастаўкі ў Беларусь на траціну. За дзень да гэтага прадстаўнік кампаніі сказаў журналістам, што на працягу ліпеня на наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод будзе пастаўлена па 590 тысяч тон нафты.

У канцэрне «Белнафтахім» сітуацыю вакол паставак расійскай нафты пакуль не каментуюць, хоць у сярэдзіне чэрвеня прэс-сакратар канцэрна паведаміла БелаПАН, што «Белнафтахім» плануе правесці з Мінэнерга РФ кансультацыі наконт рашэння расійскага боку скараціць пастаўкі.

Афіцыйная статыстыка аб аб'ёмах паставак публікуецца ў 20-х днях кожнага месяца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна