Амерыканскі інтэрнэт-гігант Amazon выпусціў у 2014 годзе незвычайную прыладу ў форме цыліндра. На першы погляд гэта звычайны дынамік. Але ўнутры корпус гэтай партатыўнай калонкі знаходзіцца самае сучаснае начынне.

Amazon Echo — гэта прасунутая акустычная сістэма, якая мае функцыю галасавога дапаможніка. Гэтая прылада-дынамік успрымае чалавечае маўленне, адказвае на пытанні карыстальніка, як гэта робіць Siri на iPhone альбо Cortana на Windows. Таксама Echo зможа без праблем распавесці пра надвор’е, актуальныя курсы валют, уключыць улюбёную музыку, пачытаць артыкулы з «Вікіпедыі». З кожным абнаўленнем праграмнага забеспячэння колькасць карысных функцый павялічваецца. Зараз з дапамогай Amazon Echo можна нават замовіць піцу ў сетцы піцэрый Domino’s.

Для пачатку працы з разумным «дынамікам» дастаткова вымавіць адно слова «Alexa». Адразу прылада будзе гатовая ўспрымаць вашыя каманды і просьбы. Amazon сцвярджае, што Echo абсталявана сучаснай тэхналогіяй распазнавання гуку дзякуючы сямі ўбудаваным мікрафонам. Такім чынам, сістэма пачуе ваш голас нават у шумным памяшканні.

Echo звязаная з воблачным сэрвісам Amazon і можа прадастаўляць карыстальніку доступ да сэрвісаў Amazon Music, Prime Music, iHeartRadio і TuneIn. Убудаваны адаптар Bluetooth дазваляе прайграваць на Echo музыку з любой партатыўнай прылады, напрыклад з планшэта альбо тэлефона. Спецыяльны дадатак Amazon Echo для Android і Fire OS дазволіць наладжваць апарат, паведамляючы яму пра свае музычныя перавагі, планаваныя пакупкі і шмат пра што іншае.

Echo прынцыпова пазбаўлена сэнсараў і вялікай колькасці кнопак. Корпус мае падсветку, 2 кнопкі (кнопку дзеяння і кнопку выключэння мікрафона) і рэгулятар гучнасці ў форме кальца. Іншыя кнопкі проста не патрэбныя — кіраванне прыладай ажыццяўляецца голасам альбо праз дадатак для iOS/Android. Amazon Echo ўяўляе сабой чорны цыліндр вышынёй 235 мм і дыяметрам 83,5 мм. Дынамік сілкуецца ад сеткі ў 220 В і патрабуе пастаяннага падключэння да Wi-Fi. Echo мае добрыя характарыстыкі як акустычная сістэма ў памяшканнях сярэдніх памераў. Таму Echo можа выкарыстоўвацца як паўнавартасная акустычная сістэма на моладзевых вечарынах. Але ў вялікіх памяшканнях яе будзе недастаткова.

Каштуе Amazon Echo не так і шмат – усяго 180 даляраў ЗША (100 даляраў для падпісантаў Amazon Prime). Гэта даволі канкурэнтная цана, калі параўноўваць яе з цаной звычайных акустычных сістэм (такіх як Jawbone Jambox). Але прамыя продажы на дадзены момант ажыццяўляюцца толькі на тэрыторыі ЗША. Можна набыць Amazon Echo праз пасярэднікаў і ў іншых краінах. Але галасавы дапаможнік Alexa можа размаўляць з вамі пакуль што толькі па-англійску. І некаторыя сэрвісы Amazon недаступныя па-за межамі Злучаных Штатаў.

Amazon Echo

Amazon Echo

Але можна чакаць з’яўлення Amazon Echo праз некаторы час і ў іншых краінах. Кампаніі Apple у свой час таксама спатрэбілася некалькі гадоў, каб перакласці свой сэрвіс Siri на іншыя папулярныя ў свеце мовы (у тым ліку і на расейскую).

Акрамя гэтага, Amazon адкрывае галасавы сэрвіс Alexa Voice Service для іншых вытворцаў абсталявання. Такім чынам распрацоўшчыкі змогуць убудоўваць Alexa ў свае прылады. Галоўнае, каб прылада мела гучнагаварыцель, мікрафон і доступ да інтэрнэту.

Amazon выпусціў і бясплатны набор для распрацоўшчыкаў Alexa Skills Kit, які дазваляе пашыраць магчымасці прылад за кошт выкарыстання Alexa. Важна, што можна выкарыстоўваць не толькі існуючыя магчымасці Alexa, але і дадаваць уласныя, інтэгруючы галасавы інтэрфейс і сэрвісы. На Alexa ў дадзеным выпадку ўскладзена задача распазнання і разумення маўлення.

Акрамя калонкі стандартнага памеру, фірмовая серыя Echo ўключае ў сябе і паменшаныя версіі — Amazon Echo Dot і Amazon Tap. Amazon Tap адрозніваецца ад стандартнай мадэлі больш сціплай акустыкай і магчымасцю аўтаномнай работы ад акумулятара, усе астатнія функцыі захаваліся. У сваю чаргу Amazon Echo Dot адрозніваецца ад іншых мадэляў тым, што не з’яўляецца самастойнай акустычнай сістэмай. Яна выконвае тыя ж самыя функцыі, што і Amazon Echo, але патрабуе падключэння да сябе асобнага дынаміка.

Amazon Echo Dot

Amazon Echo Dot

Amazon Tap

Amazon Tap

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?