У Дзень праслаўленьня Жыровіцкай іконы Божай Маці, які штогод праходзіць ў траўні, пачалі дзейнічаць больш строгія правілы паводзін у Жыровіцкім манастыры.

Прадстаўнікі турыстычных фірмаў атрымалі пісьмовае папярэджаньне, што арганізатары экскурсій «мусяць паважаць традыцыі манастыру».

Цяпер там жывуць 35 манахаў. Каб не трывожыць іх, у кляштары забароненыя фота і відэаздымкі. Патрабуецца выключаць мабільныя тэлефоны. Мужчыны абавязаныя здымаць шапкі, а жанчыны пакрываць галаву хустай.

Яшчэ адно правіла: «Пры фарміраваньні групы да сьвятой крыніцы трэба папярэджваць наведвальнікаў, што мужчынам належыць узяць з сабой майткі, жанчынам — сарочку. Пажадана, каб гэтыя рэчы былі новыя».

Сьвятары тлумачаць, што майткі і сарочку можна будзе браць у іншыя паездкі па сьвятых месцах, а ў выпадку недамаганьня апранаць дома.

У гутарках з манахамі высьвятляецца: наведнікі мусяць прызвычайвацца да больш строгіх паводзінаў. Да прыкладу, пустэльнік Рыгор Труднік, які ўжо пяць гадоў ахоўвае збудаваньні ля сьвятой крыніцы, пакрыквае на некаторых турыстаў. «Як крыкне, то задрыжыш», — кажа адзін з наведнікаў.

Сёлета Сьвята‑Ўсьпенскі мужчынскі манастыр ужо наведалі больш як 20 тысяч чалавек. Дзеля наплыву паломнікаў абмяркоўваецца магчымасьць скарачэньня часу на экскурсію, якая цяпер доўжыцца амаль гадзіну.

Паводле BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0