Хэнк Ван Гельдэрэн |
Галоўнымі задачамі кампаніі Heineken N.V. у Беларусі яе генэральны мэнэджэр і старшыня назіральнай рады піваварні «Сябар» Хэнк Ван Гельдэрэн назваў заваяваньне ключавой пазыцыі на беларускім піўным рынку, а таксама стварэньне высокай культуры спажываньня піва ў нашым рэгіёне.
Пасьля набыцьця кампаніяй Heineken N.V. усьлед за бабруйскай піваварняй другога беларускага бровару — «Рэчыцапіва», пазыцыі яе на беларускім рынку значна ўзмоцняцца. Нагадаем, што 22 траўня галяндзкая кампанія афіцыйна абвесьціла пра набыцьцё кантрольнага пакету акцыяў ААТ «Рэчыцапіва». Паводле дамовы галяндзкі бок інвэстуе ў павелічэньне акцыянэрнага капіталу рэчыцкага бровару $9,9 млн. і атрымае кантрольны пакет акцыяў — 51%. Па выніках мінулага году аб’ём продажаў рэчыцкага піва склаў 285 тыс. гкл (праектная магутнасьць — 525 тыс. гкл), доля кампаніі ў агульным аб’ёме вытворчасьці піва ў Беларусі — 8%. Продажы бабруйскага піва ў мінулым годзе склалі 553 тыс. гкл (рост у параўнаньні з 2006 г. 49,7%), у наступным годзе плянуецца павелічэньне магутнасьцяў да 2 млн гкл (на сёньня яны складаюць 1,2 млн), доля на беларускім рынку — 17,1%.
Хэнк Ван Гельдэрэн агучыў пляны кампаніі па забесьпячэньні піваварняў якаснай сыравінай. Дзеля гэтага сёлета Heineken імпартаваў 1470 т элітнага насеньня піваварнага ячменю. Вырошчвацца ён будзе на Магілёўшчыне паводле дамоўленасьці зь мясцовымі ўладамі і Мінсельгасхарчам. Кампанія разьлічвае на ўраджай у 20 тыс. т., вырошчвацца ячмень будзе ў СВК і на фэрмэрскіх гаспадарках. Солад будзе атрыманы на ААТ «Белсолад». Пры гэтым сп. Ван Гельдэрэн абверг чуткі пра магчымае набыцьцё ў будучыні галяндзкай кампаніяй «Белсоладу», а наконт набыцьця іншых беларускіх бровараў выказаўся абцякальна: «аша кампанія заўсёды зацікаўленая ў новых магчымасьцях».
Сярод найбліжэйшых плянаў кампаніі — выпуск квасу. У прыватнасьці, піваварня «Сябар» з 1 чэрвеня пачынае выпуск квасу гатункаў «Лагодны» і «Спраўны» пад брэндам «Хатні». Зь верасьня актывізуецца выпуск расейскіх піўных брэндаў канцэрну. Гэта, аднак, не азначае, што Heineken N.V. ня будзе займацца мясцовымі брэндамі, адзначыў генэральны мэнэджэр. Папулярныя брэнды рэчыцкага і бабруйскага бровараў захаваюць і будуць разьвіваць новыя. «Я ня ведаю такой краіны, дзе чвэрць піўнога рынку складае імпартны прадукт» — падкрэсьліў Ван Гельдэрэн. Паводле яго словаў, ёсьць некалькі спосабаў супрацьстаяньня імпарту — паляпшаць мясцовыя гатункі, а таксама наладзіць выпуск папулярных брэндаў у Беларусі.