Сёньня Палата Прадстаўнікоў прыняла ў другі чытаньні закон «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь». Унікальнасьць гэтага дакумэнту ў тым, што ад моманту свайго стварэньня (пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году) беларускі парлямэнт працаваў без такога закону.

Рыхтаваць яго пачалі яшчэ ў 1999 годзе. Дэпутат Іван Семяненя, які прадстаўляў гэты закон, сказаў, што галоўнай перашкодай для прыняцьця гэтага закону стала «жаданьне часткі дэпутатаў пашырыць свае кантрольныя паўнамоцтвы, выходзячы за рамкі Канстытуцыі».

З выступаў іншых дэпутатаў можна было зразумець, што сапраўдная праца над гэтым законам пачалася толькі 2 гады таму — пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка дазволіў пашырыць кантрольныя функцыі парлямэнту.

Прыняты сёньня закон фактычна дадаў дэпутатам 2 новыя функцыі. Яны атрымалі права разглядаць кандыдатуры на пасаду амбасадараў Беларусі і «прымаць рашэньні рэкамэндацыйнага характару». Яны таксама цяпер маюць права на атрыманьне інфармацыі аб выкананьні законаў пра выкананьне бюджэту, але «ў межах сваёй кампэтэнцыі». Як адзначыла дэпутатка Вольга Абрамава, «як можна казаць па пашырэньне нашых паўнамоцтваў без зьмяненьня Канстытуцыі?»

Эўрапейскія парлямэнцкія структуры неаднойчы адзначалі, што паўнамоцтвы і функцыі дэпутатаў Нацыянальнага Сходу Беларусі вельмі моцна абмежаваныя і не адпавядаюць эўрапейскім стандартам падзелу ўладаў.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0