28 траўня на пленарным пасяджэньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ратыфікавалі пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб узаемных паездках грамадзян.

Намесьнік міністра замежных спраў Віктар Гайсёнак паведаміў, што пагадненьне было заключана 20 сьнежня 2007 года, калі Польшчы была накіравана адпаведная нота беларускага боку. Прыняцьце дакумента выклікана далучэньнем Польшчы 21 сьнежня 2007 года да Шэнгенскага пагадненьня і неабходнасьцю ў сувязі з гэтым адаптаваць яе заканадаўства да патрабаваньняў адзінай візавай палітыкі Эўразьвязу.

Як зазначыў намесьнік міністра, пагадненьне скіравана на ўрэгуляваньне пытаньняў, зьвязаных з умовамі ўезду, выезду, часовага знаходжаньня і транзыту па тэрыторыі Беларусі і Польшчы грамадзян абедзьвюх дзяржаў, уключаючы спрошчаную працэдуру атрыманьня віз для асобных катэгорый.

Пагадненьне прадугледжвае павелічэньне тэрміну знаходжаньня грамадзян на тэрыторыі дзяржаў бакоў да 180 дзён на год (90 дзён на працягу паўгода з даты першага ўезду).

Дакумэнт утрымлівае нормы, што ўстанаўліваюць бязьвізавы рэжым паездак для грамадзян, якія маюць дзейныя дыпляматычныя пашпарты. Ад абавязацельства атрыманьня віз вызваляюцца таксама члены экіпажаў паветраных суднаў, грамадзянскіх марскіх суднаў і некаторыя іншыя.

У пагадненьні ўстаноўлены тэрмін разгляду хадайніцтваў аб атрыманьні візы — пяць працоўных дзён. У экстраных выпадках тэрмін для прыняцьця рашэньня можа быць скарочаны да трох працоўных дзён.

Устанаўліваецца магчымасьць атрыманьня грамадзянамі бясплатнай візы дзецям да шасьці гадоў, навучэнцам, студэнтам, асьпірантам і настаўнікам, якія іх суправаджаюць у паездцы з мэтай навучаньня.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0