Рэджы Лоў ведае пра Барака Абаму ўсё. Ведае, што ён любіць «MET‑Rx» — пратэінава‑шакалядныя батончыкі з смажаным арахісам, ведае, што ён найбольш любіць напой у бутэльках «Black Forest Berry Honest Tea» (з модным амэрыканскім надпісам «арганічны», гэта значыць, без дадаткаў з генна мадыфікаваных ці вырашчаных з дапамогай пэстыцыдаў прадуктаў).

Містэр Лоў ня проста ведае — ён трымае пад рукой запас і таго, і другога, і яшчэ ста рэчаў, які могуць Абаму спатрэбіцца.

Рэджы Лoў — асабісты памочнік Барака Абамы, кандыдата ў кандыдаты на прэзыдэнта ЗША.

Калісьці ў начальнікаў былі ад’ютанты і ардынарцы. Як цяпер працуюць і што выконваюць памочнікі заходніх палітыкаў?

Лоў не палітычны кансультант — тыя працуюць у штабе асобна. Не экспэрт — кожны зь якіх адказвае за сваю галіну. Ён не сакратар. Таксама ён не целаахоўнік. У выпадку Абамы за бясьпеку «апазыцыйнага кандыдата» адказваюць агенты фэдэральныя спэцслужбаў — дзяржаўную ахову яму выдзелілі пасьля таго як ён атрымаў пагрозы і нягледзячы на тое, што ён яшчэ ня стаў афіцыйным кандыдатам — беларускія палітыкі пра такое могуць толькі марыць.

26‑гадовы Рэджы Лоў ценем ходзіць за сэнатарам. Ягоная задача — прадбачыць усе пабытовыя справы, усё, што можа спатрэбіцца кандыдату — і ўсё непатрэбнае яму.

Маладыя памочнікі грамадзкіх дзеячоў, свае ў сьвятая сьвятых палітычнага сьвету, здаўна прыцягвалі ўвагу кіно й тэлебачаньня. Аднак мала хто зь іх такі тэлегенічны, як містэр Лоў. 196‑сантымэтровы Лоў на 8 см вышэйшы за самага высокага з кандыдатаў, больш накачаны за самага накачанага (Клінтаніха ня лічыцца) з кандыдатаў.

«Няма сумневу, што Рэджы за мяне круцейшы, — жартуе сам Абама ў інтэрвію. — Рэджы мяне замяшчае па жыцьці», — кажа ён.

У празрыстым сьвеце амэрыканскай палітыкі ў аб’ектыў СМІ трапляе ўсё — у тым ліку і арганізацыя штабу кандыдатаў, і постаці іхных супрацоўнікаў, і рэжым дня палітыка. І гэта добра, бо па арганізацыі штабоў можна меркаваць аб арганізацыйных здольнасьцях палітыкаў, а па ладзе жыцьця — аб ягоным характары, уменьні цягнуць цяжар дзяржаўных абавязкаў.

Рэджы Лоў, які ў часе вучобы ў Д’юкскім унівэрсытэце гуляў у амэрыканскі футбол (гэта вам ня нашага футболу, гэта як рэгбі — наш звыклы футбол у Штатах лічыцца амаль жаночым відам спорту) і баскетбол, звычайна пачынае дзень з Абамам з ранішняй разьмінкі ў спартзалі гатэлю — Абама гуляе ў баскетбол штодзённа нават у часе кампаніі. Як і ў шэфа, ягоны працоўны дзень доўжыцца 15 гадзінаў. Перад сном Абама расслабляецца за праглядам спартовых тэлеканалаў, а памочнік пад бокам адточвае плян на дзень наступны.

У кантракце Лова не абгавораныя ніякія дакладныя абавязкі. «Будзеш капаць ад сьцяны і да паўночы», — сказалі Лову пры найме на працу.

Калі Абаму трэба тэлефанаваць, Лоў трымае нататнік і набірае тэлефонныя нумары. Калі Абама выступае безь пінжака, Лоў трымае яго напагатове. Калі Абама запэцкае гальштук, сьнедаючы ў машыне на хаду, Рэджы дастае прыстасаваньне для чысткі «Tide». Заадно ён уяўляе сабой перасоўны пункт выдачы маркераў, паперы, бутэрбродаў, чаю, ібупрафену, тайленолу і экстранай антынікатынавай гумкі, а таксама шматфункцыянальнага тэлефона iPhone, кішэннага кампутара і лічбавай камэры — усім гэтым ён карыстаецца лёгка. Яшчэ ён вядзе фотадзёньнік кампаніі, у якім назьбіралася больш за 10 000 здымкаў.

Лова цэняць — бо акрамя сваіх прафэсійных абавязкаў, ён падтрымлівае настрой у камандзе. Ён падколвае бодыгардаў з ФБР і асабіста знаёмы з усімі тэлежурналістамі. На сустрэчы з вэтэранамі войнаў Рэджы адчуў, што сэнатар ня хоча другой пляшкі піва і перахапіў яе ў зручны момант.

А як знаходзяць працу ў палітыцы? У 2006 годзе, па сканчэньні ўнівэру, у 24 гады Лоў спрабаваў уладкавацца на працу ў Кангрэсе ЗША. І трапіў у офіс сэнатара Абамы.

Так функцыянуе амэрыканская палітыка.

Падрыхтаваў Антон Тарас паводле «Нью‑Ёрк Таймс»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0