На паседжаньні рэспубліканскага аргкамітэту па падрыхтоўцы й правядзеньні Дня беларускай пісьменнасьці, якое кагадзе прайшло ў Барысаве пад старшынствам віцэ‑прэм’ера Аляксандра Касінца, быў адзначаны шэраг недахоапаў і, перш за ўсё, павольныя тэмпы працы. Віце‑прэм’ер асабіста азнаёміўся з аб’ектамі гарадзкой інфраструктуры й застаўся незадаволены іхнім станам.

У прыватнасьці, на ягоную думку, вымагае працягу добраўпарадкаваньне тэрыторыі вакол гарадзкога стадыёну, недастаткова актыўна вядуцца рамонтныя працы ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, няма архітэктурнай стратэгіі (!) ў зьнешнім афармленьні цэнтральнай плошчы, якое цяпер увасабляецца, а гэта будзе асноўнае месца правядзеньня ўрачыстасьцяў, паведамляе газэта «Мінская праўда».

Багата яшчэ належыць зрабіць, мяркуе Касінец, па добраўпарадкаваньні вуліц, сквэраў і паркаў гораду, зялёных зон і ўездаў у горад. На думку віцэ‑прэм’ера, адсутнасьць на вуліцах рэклямы, якая кажа пра правядзеньне ў Барысаве Дня беларускай пісьменнасьці, не спрыяе пад’ёму ў барысаўцаў пачуцьця патрыятызму.

Наколькі спрыяе пад’ёму гонару за беларускую пісьменнасьць тое, што ў горадзе, дзе жыве 150 тысяч чалавек, засталася ўсяго адна сярэдняя школа з 23, дзе выкладаньне шэрагу прадметаў вядзецца на беларускай мове, нічога не паведамляецца. Магчыма, старшыню рэспубліканскага арганізацыйнага камітэту па правядзеньні Дня беларускай пісьменнасьці гэта зусім не хвалюе…

Ёсіп Дымкавіц, borisov-e.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0