Калі я ішоў у школку ў сем год, я ведаў толькі пару літараў. Цяпер ад шасьцігодак патрабуюць, каб яны ўжо чыталі, лічылі, разьбіралі словы па складох і адрозьнівалі зычныя і галосныя.

Сёлета мая дачка пойдзе ў школу. На сёньня ніводны з бацькоў дзяцей, якія першы раз трапяць у школу, ня ведае, як будуць вучыцца дзеці і колькі год. Ня ведаюць пра гэта цяперака, відаць, і ўрадоўцы. Пасьля знакамітага выступу Лукашэнкі разгубіўся шмат хто.

Імклівасьць школьных рэформаў спазнала кожнае пакаленьне беларусаў з канца 1980‑х. Я сам ніколі не вучыўся ў восьмай клясе, бо пераскочыў зь сёмай адразу ў дзявятую — тады ўводзілася адзінаццацігодка. Не пасьпелі прызвычаіцца да адзінаццаці гадоў, як давялося прывыкаць да дзесяцібалавай сыстэмы і дванаццацігодкі. Цяперака, відаць, усё завернуць назад.

Падчас гутаркі мой знаёмы прыгадаў, што за савецкім часам таксама былі ўвялі адзінаццацігодку, але праз пару гадоў скасавалі. І ён трапіў у першую клясу, якой выпадала вучыцца ізноў дзесяць год. Па‑першае, неставала падручнікаў, па‑другое, у адзін зь ім год выпускаліся і апошнія «адзінаццацігодкі». Зразумела, што і тыя, і тыя памкнуліся паступаць. Конкурс нават у ПТВ быў шалёны. «Добра, — сьмяецца знаёмы, — тых старых амаль адразу ў войска пабралі…»

У народзе даўно ўжо зганілі дванаццацігодку. За расьцягнутасьць, размытасьць і ў той самы час перанасычанасьць навучаньня. За шматлікія рэфэраты і кантрольныя. «Раней мы зь дзесяцігодкі ў інстытут самі паступалі, — скардзілася мне адна знаёмая, — а цяперака па 12 год вучацца, і рэпэтытара трэба наймаць, ды тая самая школьная выкладчыца і прапануе дачку падцягнуць да ВНУ. А чаго яна тады іх на ўроках ня вучыць?» Яшчэ сто год таму большасьць беларусаў мела магчымасьць атрымаць толькі пачатковую адукацыю. Зрэшты, тая большасьць лічыла, што чытаць, лічыць ды крыху пісаць дастаткова для існаваньня на гэтай зямельцы.

Падаецца, што нічога не зьмянілася й дасюль. Народ ганіць школьныя рэформы, новаўвядзеньні, але пхае дзяцей у карак па вышэйшую адукацыю. Бо заканчэньне інстытуту падаецца шараговаму беларусу тым ключом, які адчыніць дзьверы да лёгкага жыцьця за шыкоўным сталом у скураным крэсьле. Пазбавіць працы на палетках, ля станкоў і бруду.

Некалькі месяцаў таму ў дзіцячым садку павесілі сьпіс, што мусіць умець рабіць дзіцё, каб ісьці ў школу. Акрамя таго, што свабодна чытаць і лічыць, ведаць вялікія гарады Беларусі й сусьвету, нашы краіны‑суседкі, дык яшчэ разьбіраць словы па складох, адрозьніваць зычныя і галосныя… Прачытаўшы сьпіс да канца, я шчыра парадаваўся, што не знайшоў тамака веданьня інтэгралаў і лягарыфмаў, спалучэньняў галосных на сутыках частак складаных словаў і пад. Прыпомніў, што сам я пайшоў у школку толькі ў сем год, ведаючы колькі літар. Астатняга мяне вучылі ў школе.

На гэтым тыдні мая дачка паведаміла, што я мушу яе завесьці ў бібліятэку. Як высьветлілася, іх усёй групай вадзілі ў дзіцячую бібліятэку на экскурсію. Дзеля прыліку мы пайшлі туды. Тамака я быў зьбянтэжаны і ашаломлены — уся выпускная групка дзіцячага садку была запісаная ўжо чытачамі бібліятэкі й мела абанэмэнты!.. Парадавала толькі прысутнасьць беларускамоўнай дзіцячай літаратуры. Зрэшты, і я шакаваў бібліятэкарку, бо стаўся першым з бацькоў, хто адказаў на яе пытаньне, што такое «пацеркі»…

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0