28 траўня споўнілася 90 гадоў найстарэйшаму беларускаму сьвятару ў замежжы айцу Кастусю Маскаліку. Пакручастыя лёсы ваеннага пакаленьня кідалі айца Кастуся па шырокім сьвеце, але ня здолелі пахіснуць ягонае глыбіннае беларускасьці.

Дзяцінства й юнацтва было закалыханае нясьпешным заходнебеларускім мястэчкам Гародзеем (сёньня ў Нясьвіскім раёне), так няўдала перазваным Саветамі на Гарадзею, і гэтая тутэйшая нясьпешнасьць сталася адной з самых пазнавальных рысаў айца Кастуся. Ён так і не навучыўся адпавядаць шалёным вібрацыям сучаснага сьвету, назаўсёды застаўшыся там, у сваім усё больш і больш далёкім дзяцінстве.

Калі вайна захлынула Гародзей, Кастусь быў прызваны ў Чырвоную Армію, зь якой апынуўся на ўсходзе СССР, а потым запісаўся ў войска генэрала Андэрса, бо Чырвонае войска аніяк не адпавядала ягоным уяўленьням пра свой зямны шлях.

Прайшоў з войскам увесь Блізкі Усход, на ўсё жыцьцё запомніўшы даты й дэталі тога падарожжа, якое ён, пабожны хлопец, патрапіў ператварыць у пілігрымку на Сьвятую Зямлю.

Потым, ужо старым і нямоглым сьвятаром Беларускае Каталіцкае Місіі ў Лёндане, айцец Кастусь за якім‑небудзь сьняданкам мог раптам сказаць: «Сёньня 50 гадоў, як я перайшоў Ярдан», або, скажам, як я ўвайшоў у Ерусалім. І ганарыўся, што за ўсё вайну не зрабіў аніводнага стрэлу! (ён, здаецца, служыў пры кухні, і таму яму гэта ўдалося). А таксама захаваў адзін новенькі камплект вайсковае бялізны.

Па вайне ў рымскім езуіцкім калегіюме Rusicum атрымаў адукацыю ды быў высьвячаны на сьвятара. Працаваў у розныя гады ў розных краінах — то чытаў па‑беларуску навіны на ватыканскім радыё, то ўзначальваў беларускую каталіцкую місію ў Парыжы (пакуль беларускі сьвятар‑падзьвіжнік Леў Гарошка праходзіў марыянскі навіцыят у Лёндане).

Але найбольш часу, бадай, пражыў у Лёндане. І заўсёды‑заўсёды ў думках жыў дома, у ідэальным Гародзеі свайго жыцьця, сталіцы свае душы. У любы момант ён мог пачаць аповяд пра тамтэйшых людзей, часам згадваючы, хто ў што быў апрануты пры нейкай нагодзе. Да драбніцаў апісваў, як на якое сьвята ўпрыгожвалі царкву, што рабілі, што гатавалі ды сьпявалі па сьвятах у хаце, як хавалі старых, а як маладых, а як тапельцаў — і гэтым расповедам не было канца.

І ўсё гэта — на пекнай, цёплай і жывой беларускай мове, на якую аніяк не наклаліся іншыя жыцьцёвыя лінгвістычныя досьведы. І бульба нязьменна звалася «картопляй», і прозьвішчы былі «прозьвіскамі», і сакавітыя выразы ня трацілі свайго водару.

Вось ужо колькі год айцец Кастусь жыве ў доме для старых і так глыбока пагрузіўся ў свае ўспаміны, што ўсё цяжэй пазнае твары ды імёны тых, каго ўведаў у апошнія пару дзесяцігодзьдзяў. Але спытайцеся пра даваенную Беларусь — і жывая рака ўспамінаў закрынічыць ізноў. Ён навечна застаўся часьцінкаю Беларусі, беларускае памяці, якой так бракуе нам цяпер.

Барані цябе Бог, айцец Кастусь.

ІД


У беларускім рэлігійна-грамадзкім цэнтры ў Лёндане. Другая палова 1990-х
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0