Беларусы замежжа вернуцца на радзіму толькі за эканамічныя прэферэнцыі. Пра гэта падчас прэс‑канфэрэнцыі 29 траўня ў Менску паведаміў намесьнік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека. Паводле чыноўніка, у ходзе падрыхтоўкі праекту закону «Аб суайчыньніках» распрацоўшчыкі зьвярталіся да розных аб’яднаньняў беларусаў, што жывуць у замежжы. І высьветлілася, што большасьць зь іх гатовыя вярнуцца на радзіму толькі ў тым выпадку, калі атрымаюць ад дзяржавы розныя льготы эканамічнага і сацыяльнага характару.
— Яны, на жаль, чакаюць толькі эканамічнай падтрымкі. Гэта ліквідацыя ці паслабленьне візавага рэжыму. Гэта жыльлёвыя льготы, квоты на працаўладкаваньне, квоты на адукацыю. Усё гэта зьвязана зь фінансавымі ўкладаньнямі, і трэба ўсё падлічыць, каб не падарваць нашу эканоміку, якую мы пакуль толькі разьвіваем, — сказаў Уладзімір Ламека.
Акрамя таго, як падкрэсьліў намесьнік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, будучы закон павінен быць напісаны такім чынам, каб у Беларусь не паехалі «прадстаўнікі крыміналу» і «гультаі».
Яе паведаміў Ламека, усяго зараз па‑за межамі нашай краіны пражывае каля 3,5 мільёнаў ураджэнцаў Беларусі розных нацыянальнасьцяў. І закон «Аб суайчыньніках» павінен быць скіраваны на ўсе гэтыя нацыянальнасьці, а ня толькі на карэнную беларускую нацыю.
Больш за ўсё выхадцаў зь Беларусі пражывае ў ЗША і Канадзе — прыкладна 1 мільён. Каля 870 тысяч жывуць у Расеі, 300 — ва Ўкраіне і 170 — у Ізраілі.
Плянуецца, што закон «Аб суайчыньніках» будзе ўнесены ў палату прадстаўнікоў у ліпені.