Сёння суд Ваўкавыскага раёна разгледзіць адміністрацыйную справу ў дачыненні да палітвязня Мікалая Аўтуховіча, які, паводле міліцэйскага пратакола, абвінавачваецца ў здзяйсненні дробнага хуліганства.

На пачатку траўня супрацоўнікі Ваўкавыскай міліцыі выклікалі Мікалая Аўтуховіча ў пастарунак, дзе прапанавалі яму азнаёміцца з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, паводле якога палітвязень абвінавачваўся ў здзяйсненні бойкі.

Мікалай Аўтуховіч ад дэтальнага азнаямлення з дакументам адмовіўся, пазначыўшы пры гэтым, што пратакол складзены пазазаконна. На яго думку, захады міліцыянтаў носяць правакацыйны характар і накіраваныя на тое, каб не даць яму магчымасці на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

- Ніякай бойкі я не здзяйсняў і не прымаў у ёй удзелу. Тое, што супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі пратакол аб правапарушэнні, сведчыць, на мой погляд, аб нежаданні міліцыянтаў датэрмінова мяне вызваляць.

Цяперашнім часам Мікалай Аўтуховіч адбывае тэрмін зняволення без накіравання ў спецыяльныя ўстановы з абавязковым прыцягненнем да працы. Кожны дзень яго паводзіны кантралююцца супрацоўнікамі міліцыі, бо з 19-й гадзіны вечара да 6.00 адбываючы пакаранне грамадзянін павінен знаходзіцца дома. Калі Мікалай Аўтуховіч не трапіць пад умоўна-датэрміновае вызваленне, то тэрмін абмежавання волі ў яго скончыцца ў ліпені 2009 года.

Пачатак суда, па папярэдніх дадзеных, у 11.30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?