Паводле яго слоў, першая чарга трэцяй лініі метрапалітэна будзе складацца з шасці станцый агульнай працягласцю 7,7 км. Яна ўключыць:
станцыі «Лошыцкую» насупраць бальніцы хуткай дапамогі, «Аэрадромную» або «Мінск‑сіці» каля цяперашняга аэрапорта «Мінск‑1», «Жукоўскую» на скрыжаванні вуліц Жукоўскага і Варанянскага, «Вакзальную» насупраць Цэнтральнага вакзала, «Клары Цэткін» і «Юбілейную» на аднайменных вуліцах.
На гэтым участку прадугледжаны два перасадачныя вузлы: на станцыі «Вакзальная» са станцыяй «Плошча Леніна» і на станцыі «Юбілейная» са станцыяй «Фрунзенская». Кошт будаўніцтва першай чаргі складзе 1,3 трлн. рублёў. Яе ўвод у эксплуатацыю запланаваны ў 2017 годзе.
В.Жыбуль паведаміў, што рашэнне аб пачатку будаўніцтва першай чаргі прынята з улікам планаў забудовы сталічнага раёна «Мінск‑сіці» каля цяперашняга аэрапорта «Мінск‑1». Адначасовае будаўніцтва новага раёна і станцый метрапалітэна дазволіць прывесці ў адпаведнасць усе горадабудаўнічыя рашэнні гэтага комплексу, лічыць спецыяліст. Акрамя таго, паводле яго слоў, новы ўчастак метро з двума перасадачнымі вузламі разгрузіць станцыі «Кастрычніцкая» і «Купалаўская».
Паводле слоў В.Жыбуля, згодна з генеральным планам будаўніцтва Мінска сталічны метрапалітэн будзе складацца з 58 станцый на чатырох лініях агульнай працягласцю 77 км. Да 2025 года павінна быць пабудавана каля 50 станцый на трох лініях.