Днямі ў Растоўскай вобласьці прайшлі спаборніцтвы на званьне лепшага трактарыста Расеі. Прычым, да ўмоў правядзеньня гэтага конкурсу арганізатары і ўдзельнікі падышлі адмыслова, з «агеньчыкам»: замест, падавалася б, звыклага для тэхнікі ворыва, трактары «выпусьцілі» на трасу тыпу «джып‑трыял». Самае цікавае, што асноўным «жалезным канём» такіх незвычайных спаборніцтваў сталі нашы айчынныя «Беларусы».

Яны так ліха ляталі па трасе, што для гледачоў загадзя адвялі месцы далей ад яе. А што вы хочаце: пры максымальнай хуткасьці 40 кілямэтраў у гадзіну «спартсмэны» выдавалі ўсе 70 кілямэтраў у гадзіну! У тэлесюжэце цікава было назіраць, як «Беларусы», нібы тыя «ластаўкі», узьнімаюцца ў паветра, праходзячы складаную трасу. Безумоўна, і арганізатары спаборніцтваў, і ўдзельнікі не хавалі, што такую хуткасьць дэманструюць ня базавыя мадэлі, а ўдасканаленыя рукамі майстроў.

«Трактарны цюнінг», як гаварылася, папярэдне праводзіўся на працягу некалькіх месяцаў — у кожнага ўдзельніка на свой густ. Канкрэтныя сакрэты, вядома, ніхто агучваць не імкнуўся. У якасьці агульнай інфармацыі гаварылася толькі пра тое, што было навідавоку і што схаваць нават пры жаданьні было немагчыма. Так, для лепшай устойлівасьці на трасе (пры такой хуткасьці) на трактары навешвалі дадатковы груз над пярэднімі коламі, больш цяжкімі рабілі і заднія. Згадвалася замена газагенэратараў, больш магутныя паліўныя помпы. А як ставяцца ў нас да такіх спаборніцтваў? Па невялікі камэнтарый мы зьвярнуліся на Менскі трактары завод да в.а. галоўнага канструктара прадпрыемства Васіля Жука.

Паводле яго слоў, афіцыйна завод не рыхтаваў машыны да такіх спаборніцтваў, не аказваў ніякай тэхнічнай падтрымкі арганізатарам, хоць апошнімі быў праінфармаваны пра маючы адбыцца конкурс. А чаму б і не, хто адмовіцца ад рэклямы?

— Гэта рэгіянальная задумка наконт спаборніцтваў, такія своеасаблівыя шоў характэрныя для некаторых рэгіёнаў Расеі, у тым ліку і Растоўскай вобласьці. Чаму былі абраныя менавіта беларускія трактары для ўдзелу ў іх? МТЗ — самы масавы, самы папулярны трактар ня толькі на поўдні, але і ўвогуле ва ўсёй Расеі. Дарэчы, наколькі вядома, пераможца ў якасьці прыза павінен атрымаць таксама новы трактар МТЗ ад нашага рэгіянальнага прадстаўніка, — сказаў Васіль Уладзімеравіч.

Паводле слоў спэцыяліста, удзельнікі шоў «дабівалі» ўласныя машыны, паколькі перароблены такім чынам трактар, калі ў трансмісію ўносяцца зьмяненьні, зьмяняецца перадатачнае чысло, фарсіруецца рухавік, працаваць у якасьці звычайнай сельскагаспадарчай тэхнікі ўжо ня можа.

«Гэта не рабочая машына, цяпер яна можа выступаць толькі вось на такіх спаборніцтвах. Але органы тэхнічнага нагляду, Дзяржаўтаінспэкцыя, відавочна, дазволілі зрабіць такую «мадэрнізацыю».

Падчас выпрабаваньняў трактароў на спэцыяльным палігоне, як сказаў далей суразмоўца, яны таксама разьвіваюць высокую хуткасьць («не 70 кіламетраў у гадзіну, вядома ж»), высока «скачуць» на спэцыяльнай трасе зь перашкодамі. Разьліковы тэрмін эксплюатацыі машыны без капрамонту складае больш за 10 гадоў, таму выпрабаваньні й праводзяцца ў такім паскораным рэжыме. Як кажуць, на карысьць справе, а ня дзеля шоў. Дарэчы, яшчэ пра апошнія. На Захадзе спэцыяльна абсталяваныя трактары цягнуць за сабой баляст — хто далей (такі ж этап быў і ў спаборніцтвах у Растоўскай вобласьці, калі машыны цягнулі за сабой груз вагой у адну тону). У краінах СНД такія забавы яшчэ ня вельмі папулярныя. Спаборніцтвы мы папрасілі пракамэнтаваць (завочна, зразумела) і нашага чытача — трактарыста сельскагаспадарчага філіяла «Крыніца» ААТ «Мінскрамбуд» Капыльскага раёна Уладзімера Логмана, які ў гэты момант на «Амкадоры‑332» трамбаваў сіласную яму.

— А што, нармальная зьява. Сам працаваў на «Беларусах», максымальная хуткасьць у іх 36—37 кілямэтраў у гадзіну. Колькі я асабіста максымальна «выціскаў»? Ну, было неяк на МТЗ‑82&hellіp; (Рэдакцыя пакідае названую лічбу ў тайне.) Так, мог бы і паўдзельнічаць у такіх спаборніцтвах, не гаворачы, што і проста паназіраў бы з задавальненьнем.

Паводле: Сяргей Расолька, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0